Азербайджан спыніў пастаўкі газу ў Сербію
5- 12.01.2025, 10:36
- 8,194
Невядома, калі яны адновяцца.
Пастаўкі газу з Азербайджана ў Сербію прыпыненыя, і невядома, калі яны адновяцца.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, паведамляе інфармацыйнае агенцтва a target="_blank" href=https://www.tanjug.rs/srbija/politika/133411/vucic-od-danas-ne-mozemo-da-racunamo-na-gas-iz-azerbejdzana/vest>Tanjug.
Паводле ягоных словаў, пра прыпыненне паставак паведаміў азербайджанскі бок.
«Я атрымаў інфармацыю ад нашых азербайджанскіх братоў і сяброў, што праз форс-мажорныя абставіны і праблемы, якія ў іх узніклі, мы на сёння не можам спадзявацца на 1,7 мільёна кубаметраў газу, якія паступалі штодня», – сказаў Вучыч.
Як ён адзначыў, пакуль незразумела, калі адновяцца пастаўкі газу. «Гэта азначае, што з гэтага часу мы пачнем выдаткоўваць запасы газу», – сказаў Вучыч. Ён выказаў спадзяванне, што пастаўкі адновяцца праз месяц-два.
У 2023 годзе Сербія падпісала пагадненне з Азербайджанам пра набыццё 400 мільёнаў кубаметраў прыроднага газу за год з 2024 года. У цэлым Сербія выкарыстоўвае больш за 3 мільярды кубаметраў газу за год. Астатні газ паступае з Расеі.
Сербія знаходзіцца пад ціскам неабходнасці зменшыць сваю залежнасць ад Расеі ў сферы паставак газу і нафты. Пасля новых санкцый ЗША супраць расейскага нафтавага сектару расейскай кампаніі «Газпрам нафта» будзе вылучана 45 дзён для выхаду з уласнасці сербскай нафтавай кампаніі NIS, якая з'яўляецца адным з найбуйнейшых падаткаплацельнікаў у бюджэт Сербіі, паведамляе агенцтва Reuters.
Мажарытарнымі ўладальнікамі NIS з'яўляюцца «Газпрам нафта», якой належыць 50% акцый, і расейскі «Газпрам», якому належыць 6,15% акцый. Урад Сербіі валодае 29,87%, а астатнія акцыі належаць дробным акцыянерам.
Раней на гэтым тыдні Балгарыя таксама заявіла, што Азербайджан прыпыніў кантрактныя пастаўкі газу з 7 да 11 студзеня праз неўстаноўленыя тэхнічныя прычыны.
Перапынак адбыўся пасля таго, як азербайджанскае падраздзяленне BP заявіла ў пятніцу, што прыпыніла працу платформы «Шах-Дэніз Альфа» пасля выяўлення тэхнічнай праблемы на падводным газаправодзе для экспарту газавага кандэнсату.
Між тым у сербскім урадзе падкрэслівалі намеры і надалей набываць расейскі газ.