Бегае і закопвае смецце: Як працуе першы ў свеце «разумны» біянічны кот MarsCat
9- 12.01.2025, 11:59
- 3,300
Кот цалкам аўтаномны і не патрабуе інструкцый для выканання сваіх дзеянняў.
MarsCat ад Elephant Robotics, першы ў свеце біянічны свойскі кот, распрацаваны як робат-кампаньён для дому, адукацыйных мэтаў і даследаванняў. Пра гэта піша Interesting Engineering.
У адрозненне ад традыцыйных свойскіх жывёлаў, MarsCat цалкам аўтаномны і не патрабуе інструкцый для выканання сваіх рэалістычных дзеянняў. Ён ходзіць, бегае, спіць, цягнецца і нават імітуе дзеянні, напрыклад закопванне смецця, але без спадарожнай бязладзіцы. Робат-кот адаптуецца да ўзаемадзеянняў, выказваючы розныя эмоцыі жэстамі і мяўканнем. Ён здольны рэагаваць на дакрананні, распазнаваць галасы і твары і нават гуляць з цацкамі або з сапраўднымі катамі.
MarsCat можа чуць каманды, хоць і не заўсёды падпарадкоўваецца, адлюстроўваючы асобу, якая развіваецца ў залежнасці ад таго, як з ім абыходзяцца. Ён таксама распазнае прадметы, цацкі і нават свой ложак.
Асоба біянічнага ката такая самая дынамічная, як і ягоныя асаблівасці. MarsCat валодае шасцю рысамі характару – энтузіяст, адчужаны, энэргічны, лянівы, таварыскі і сарамлівы, – якія развіваюцца на аснове ўзаемадзеяння з карыстальнікам. Такія чыннікі, як частата гаворкі, спагадлівасць падчас гульні і тон гукаў, фармуюць яго індывідуальнасць. Гэта гарантуе, што кожны робат сапраўды адзіны ў сваім родзе.
Прылада працуе на чатырох'ядравым Raspberry Pi і праграмуецца, што дазваляе карыстальнікам ствараць унікальныя праграмы і пашыраць яго магчымасці. Гэтая гнуткасць робіць яго выдатным інструментам для адукацыі, даследаванняў і камерцыйных мэтаў.
Уладальнікі MarsCat могуць персаналізаваць свайго біянічнага гадаванца з дапамогай аксэсуараў, такіх як адзенне, шапкі, ашыйнікі і шалікі. Колер вачэй і дзеянні таксама можна наладзіць з дапамогай праграмы MarsApp.