На волю выйшла палітзняволеная Данута Перадня
8- 12.01.2025, 15:13
- 6,724
22-гадовая была асуджаная за антываенны пост.
У канцы 2024 года выйшла на волю 22-гадовая Данута Перадня – былая студэнтка філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржуніверсітэта, паведамляе ініцыятыва «Палітвязынка». Звесткі пра яе вызваленне таксама з'явіліся ў базе праваабарончай ініцыятывы Dissidentby.
Нагадаем, 5 ліпеня 2022 года суд у Кіраўску асудзіў Дануту Перадню да шасці гадоў калоніі на антываенны пост, які дзяўчына размясціла ў адной з сацыяльных сетак. У пачатку лістапада 2022-га Магілёўскі абласны суд скасаваў гэтую пастанову, аднак ужо да канца месяца пасля перагляду справы Перадні далі той самы тэрмін.
20-гадовая студэнтка спецыяльнасці «рамана-германская філалогія» МДУ імя Куляшова была затрыманая сілавікамі 28 лютага 2022 года, калі прыехала на маршрутцы з Кіраўска ў Магілёў.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яе абвінавацілі ў тым, што 27 лютага яна перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў развязванні вайны ва Украіне. Таксама там утрымліваўся заклік да вулічных выступаў.
10 чэрвеня Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс Дануту Перадню ў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Перадня была студэнткай-выдатніцай і мела толькі станоўчыя характарыстыкі ад педагогаў. Аднак адразу пасля пачатку крымінальнай справы яна была адлічаная.