12 студзеня 2025, Нядзеля, 17:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі спрагназавалі пацяпленне на наступным тыдні

У Беларусі спрагназавалі пацяпленне на наступным тыдні

На надвор'е ў Беларусі пачне ўплываць усходняя перыферыя антыцыклону «Беата».

Пасля нядоўгага пахаладання ў Беларусь можа зноў вярнуцца даволі цёплае надвор'е. Сіноптыкі расказалі, якое надвор'е чакае жыхароў краіны ў найбліжэйшыя дні, піша «Тэлеграф».

У панядзелак на надвор'е ў Беларусі пачне ўплываць усходняя перыферыя антыцыклону «Беата», а таксама рэшткі фронту аклюзіі, які перамяшчаецца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход краіны. Цягам дня месцамі чакаецца невялікі снег, а на асобных адрэзках дарог – галалёдзіца. Вецер будзе дзьмуць з паўночнага захаду, сярэдні.

Дзякуючы росту атмасфернага ціску, у аблоках з'явяцца праясненні, і, як паабяцалі вядоўцы ТГ-канала пра надвор'е ў Беларусі «Метэавайб», «без сонца ў панядзелак мы не застанемся». Пры гэтым узмоцніцца адвекцыя холаду з поўначы Еўропы.

Уначы тэмпература паветра складзе ад -1°С да -8°С, днём – ад 0°С да -5°С. У Менску цягам дня чакаецца -2...-4°С. Прагназуецца воблачнасць з праясненнямі, ноччу і ў першай палове дня – невялікі кароткачасовы снег, а пасля абеду – без ападкаў, з магчымым з'яўленнем сонца.

«Зіма ў нас ненадоўга», – адзначылі ў ТГ-канале. У аўторак яшчэ чакаюцца начныя маразы да -4...-10°С, але ўжо днём чарговы цёплы фронт Атлантычнага цыклону павінен прынесці ападкі ў выглядзе ледзяных дажджоў і мокрага снегу, а таксама галалёд і пацяпленне. З серады і да канца наступнага тыдня тэмпература зноў паднімецца вышэй за 0°С.

Як паведаміў Белгідрамет, 12 студзеня надвор'е ў Беларусі будзе вызначаць цыклон, які страчвае актыўнасць, і прахалоднае паветра. Чакаецца воблачнасць з праясненнямі. У многіх раёнах краіны пройдзе невялікі снег, месцамі з мокрым снегам. У асобных раёнах магчымы слабы туман, а на дарогах – галалёдзіца. Вецер ноччу паўднёвы, днём – пераменны, слабы да сярэдняга. Тэмпература паветра ўначы складзе ад -1°С да -6°С, днём – ад -3°С да +1°С. Атмасферны ціск будзе расці.

13 студзеня ноччу захаваецца ўплыў няўстойлівай паветранай масы арктычнага паходжання, а днём адаб'ецца ўплыў вобласці павышанага ціску. Чакаецца воблачнае надвор'е, ноччу з праясненнямі. Уначы месцамі пройдзе невялікі кароткачасовы снег, а днём ападкаў не чакаецца. На дарогах месцамі захаваецца галалёдзіца. Вецер паўночны, днём зменіцца на заходні, сярэдні. Уначы тэмпература паветра апусціцца да -2…-8°С, а пры праясненнях – да -11°С. Днём чакаецца ад 0°С да -6°С.

14 студзеня надвор'е ў Беларусі пагоршыцца праз уплыў франтальных раздзелаў, якія перамяшчаюцца з поўдня Швэцыі. Будзе воблачна, ноччу з праясненнямі. Уначы па поўначы, а раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. Месцамі магчымая мяцеліца, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер заходняй чвэрці, сярэдні, ноччу па поўначы, а днём у многіх раёнах парывісты, месцамі моцны парывісты. Уначы тэмпература паветра складзе ад -3°С да -9°С, пры праясненнях да -12°С, а днём чакаецца ад -3°С да +2°С.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках