«У Прыднястроўі эканамічны калапс, сепаратысты гавораць пра незваротныя наступствы»
22- 12.01.2025, 15:40
- 12,888
Эканоміка непрызнанай «рэспублікі» рухнула за лічаныя дні.
Масква паставіла акупаванае «Прыднястроўе» на мяжу выжывання, спыніўшы пастаўку газу ў Малдову. У непрызнанай «рэспубліцы» набірае абароты эканамічная катастрофа.
Пра гэта адкрыта заявіў Сяргей Аблонік, які займае пасаду «міністра эканамічнага развіцця» так званай «Прыднястроўскай малдаўскай рэспублікі» («ПМР»), паведамляе «Дыялог.UA».
Без расейскага газу эканоміка «Прыднястроўя» абвалілася за лічаныя дні.
«Паколькі не стае энэргетычнага рэсурсу нават для насельніцтва, мы вымушаныя ўводзіць веерныя адключэнні. Вядома ж, прамысловы сектар стаіць. Усе прадпрыемствы спыненыя за выключэннем тых, якія адказваюць за харчовую бяспеку. Але з рухам часу могуць наступіць незваротныя наступствы для тых прадпрыемстваў, дзе праца спыненая. Яны без прыбытку. Людзям трэба карміць свае сем'і», – заявіў «міністр».
Адзначым, што Малдова ўжо прапанавала дапамогу акупаванаму «Прыднястроўю». Аднак мясцовыя сепаратысцкія «ўлады», падкантрольныя Маскве, адмовіліся ад паставак заходніх энэргарэсурсаў. У рэспубліцы набірае абароты гуманітарная катастрофа.