Паўднёвакарэйская выведка расказала аб вялізных стратах войска КНДР
3- 13.01.2025, 9:56
- 4,760
Сотні загінулых.
Страты паўночнакарэйскіх жаўнераў у Курскай вобласці растуць, і, паводле звестак Нацыянальнай выведвальнай службы Паўднёвай Карэі, складаюць ужо 3 тысячы чалавек.
Як перадае агенцтва Yonhap са спасылкай на брыфінг паўднёвакарэйскай выведкі, агульныя страты вайскоўцаў з КНДР у Курскай вобласці складаюць блізу 3000 чалавек: 300 забітых і 2700 параненых.
Паўднёвакарэйская выведка тлумачыць "масавыя страты" паўночнакарэйскіх салдат іх "неразуменнем сучаснай вайны", уключаючы іх "бескарысную" страляніну па дальнабойным беспілотнікам.
Таксама на брыфінгу прадстаўнікі выведкі заявілі, што Паўночная Карэя прымушае сваіх салдат чыніць самагубствы, каб не патрапіць жывымі ў палон да ўкраінскіх вайскоўцаў.
Акрамя таго, адзначаецца, што паўночнакарэйскія салдаты, якія трапілі ў палон ва Украіне, не выказвалі намеру перабегчы ў Паўднёвую Карэю.
Паводле інфармацыі паўднёвакарэйскай выведкі, двое салдат КНДР, якія трапілі ў палон, былі з Галоўнай выведвальнай управы, ключавога паўночнакарэйскага вайсковага выведвальнага агенцтва.