Newsweek: Вайна дронаў пераходзіць у новую фазу
- 13.01.2025, 10:17
- 5,080
Знойдзенае развязанне для барацьбы з РЭБ.
Расейска-ўкраінская вайна беспілотнікаў пераходзіць у новую фазу. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле Newsweek.
Выданне адзначае, што на працягу амаль трох гадоў вайны вокамгненнае развіццё беспілотных лятальных апаратаў - і тэхналогіі барацьбы з імі - ілюстравала вайну ва Украіне. А паколькі поле бою перапоўненае тысячамі беспілотнікаў і сістэм радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), Масква і Кіеў вымушаны шукаць новыя спосабы пераканацца, што іх беспілотнікі працуюць супраць ворага хутчэй і больш эфектыўна, чым у супраціўніка.
«Аптычна-валаконныя беспілотнікі ўсё часцей з'яўляюцца ў апошнія месяцы як адно з асноўных развязанняў для барацьбы з РЭБ, якое выкарыстоўваецца абодвума бакамі», - гаворыцца ў артыкуле.
Аптычнае валакно працуе шляхам перадачы інфармацыі і энэргіі ў выглядзе імпульсаў святла па вельмі тонкіх нітках шкла.
«Звычайна мы пра гэта не ведаем, але напраўду выкарыстоўваем аптычнае валакно амаль кожны дзень. Мы можам перадаваць значна больш звестак праз злучэнне аптычнага валакна, якое жыццёва неабходна на полі бою».
Расея першай выкарыстоўвала аптычна-валаконныя беспілотнікі на полі бою, але ўкраінцы не адстаюць, распавялі экспэрты кампаніі Iron Cluster.
«Украінскія вытворцы зараз імкнуцца здагнаць (Расею - УНІАН) у распрацоўцы аптычна-валаконных дронаў. Звычайна валаконная оптыка выкарыстоўваецца на мультыротарах FPV для місій-камікадзэ, але зараз працягваюцца спробы адаптаваць гэтую тэхналогію для кіравання іншымі тыпамі дронаў, у тым ліку наземных», - адзначылі спецыялісты.
З іх слоў, валаконная оптыка мае тры асноўныя перавагі. Сігнал для дрона не можа быць заглушаны або перахоплены, а таксама забяспечвае значна лепшую якасць відэа для аператара. Акрамя таго, варожыя сілы не могуць выявіць дроны з дапамогай радыёсігналаў, тыпу электрамагнітнага сігналу.
Але аптычна-валаконныя дроны, як правіла, даражэйшыя і цяжэйшыя, што змяншае здольнасць беспілотніка несці выбухоўку, тым самым змяншаючы яго патэнцыял для эфектыўнага знішчэння цэляў, гавораць экспэрты. Каб кампенсаваць гэта, патрэбныя буйнейшыя дроны, з вялікімі рамамі і магутнымі батарэямі, якія часта больш дакладныя.
Спецыялісты чакаюць, што аптычна-валаконныя дроны стануць яшчэ больш папулярнымі на працягу 2025 года:
«Укараненне валаконнай оптыкі кардынальна не зменіць сітуацыю, але гэта, безумоўна, яшчэ адзін паступовы крок наперад у жорсткай, бясконцай барацьбе за выжыванне на полі бою».