Экс-прэм'ер Канады заклікаў Трампа апамятацца «як стары старога»
14- 13.01.2025, 11:50
- 6,020
Жан Крэцьен назваў дзеянні абранага прэзідэнта ЗША шантажом.
Канадцы шануюць сваю незалежнасць і любяць сваю краіну, і іх не пераканаюць пагрозы і абразы, заявіў былы прэм'ер-міністр Канады 91-гадовы Жан Крэцьен, звяртаючыся да 78-гадовага абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў калонцы, апублікаванай у Globe and Mail (пераклад "Радыё Свабода"). Палітык заклікаў Трампа апамятацца "як стары старога".
У артыкуле Крэцьен нагадаў, што канадцы "насуперак усяму пабудавалі нацыю ў самай суровай і складанай геаграфіі, якую толькі можна сабе ўявіць". Акрамя таго, у Канады ўжо хапіла смеласці сказаць "не" ЗША, якія, паводле ягоных слоў, спрабавалі ўцягнуць суседнюю краіну "ў зусім неапраўданую і дэстабілізацыйную вайну ў Іраку".
Былы канадскі прэм'ер-міністр звярнуўся да федэральных і мясцовых палітыкаў у Канадзе і запатрабаваў ад іх цвёрдасці.
“Мы ўсе ведаем, што, нават калі мы задавальняем адно патрабаванне, містар Трамп вяртаецца з іншым, яшчэ большым патрабаваннем. Гэта не дыпламатыя, гэта шантаж. Нам патрэбны іншы падыход, які разарве гэтае заганнае кола”, — напісаў Крэцьен.
Пасля перамогі на выбарах Дональд Трамп заявіў, што як толькі ён вернецца ў Белы дом, ён увядзе 25-адсоткавы тарыф на ўсе тавары, якія паступаюць у ЗША з Канады і Мексікі. Трамп таксама рабіў заявы аб магчымасці далучэння Канады да ЗША, паабяцаўшы, што канадцы будуць плаціць на 60% менш падаткаў, а канадскі бізнэс "неадкладна падвоіўся б у памерах".
Улады Канады пасля каментароў Трампа наконт тарыфаў заявілі аб важнасці для ЗША стасункаў з паўночным суседам. "Канада і ЗША маюць адны з самых моцных і блізкіх дачыненняў, асабліва калі гаворка ідзе аб гандлі і бяспецы межаў... Канада ўважае за свой найвышэйшы прыярытэт бяспеку і цэласнасць агульнай мяжы", - заявілі ў канадскім урадзе.