У Эстоніі хочуць забараніць трымаць курэй-нясушак у клетках
13- 13.01.2025, 12:48
- 3,016
Цяпер у краіне 81% усіх курэй на фабрыках, якія займаюцца пастаўкай яек, утрымліваюцца ў клетках.
Ва ўрадзе Эстоніі распрацавалі праект закона, у выпадку адабрэння якога вытворцам яек з 2035 года будзе забаронена трымаць птушак у клетках, паведамляе ERR.
Міністэрства рэгіянальнага развіцця і сельскай гаспадаркі Эстоніі закончыла працу над законапраектам, згодна з якім вытворцам яек з 2035 года будзе забаронена ўтрымліваць курэй зачыненымі ў клетках.
Са звестак ведамства, зараз 81% усіх курэй на фабрыках, якія займаюцца пастаўкай яек, утрымліваюцца ў клетках.
Пераход да іншага фармату запатрабуе ад бізнэсу вялікіх інвестыцый і гэта можа адбіцца на кошце яек для канчатковага спажыўца.
Некаторыя кампаніі пачалі ўжо такі пераход. Трэці найбуйнейшы ў Эстоніі вытворца Linnu Talu OÜ плануе амаль цалкам пазбавіцца ад клетак да 2027 года, зараз на свабодным выгуле 38% ад пагалоўя нясушак. Для гэтага кампаніі прыйшлося інвеставаць у пераабсталяванне памяшканняў ужо больш за мільён еўраў.
"Патрэбны будуць вялікія выдаткі на электраэнергію, таму што трэба больш вентыляцыі, будуць больш высокія выдаткі на працоўную сілу, будзе крыху большы брак яек і нават вялікія выдаткі на харчаванне і ваду, таму што калі птушкі больш рухаюцца – ім патрэбна больш энергіі", - тлумачыць мэнэджар кампаніі Ярна Хермет.
Міністр рэгіянальнага развіцця і сельскай гаспадаркі Пірэт Хартман адзначыў, што дзяржава будзе шукаць спосабы падтрымаць бізнэс у пераходзе на новую мадэль.