Расейскі «Газпрам» рыхтуе масавыя звальненні
20- 13.01.2025, 14:31
- 7,674
Будуць звальняць супрацоўнікаў галаўнога офіса.
"Газпрам", які страціў еўрапейскі рынак газу і атрымаў сотні мільярдаў рублёў страт, рыхтуе масавыя звальненні супрацоўнікаў цэнтральнага апарата.
Як паведамляе пецярбуржскі партал 47news, кампанія разглядае магчымасць скарачэння 1,6 тысячы работнікаў галаўнога офіса – адпаведны ліст кіраўніку "Газпрама" Аляксею Мілеру накіравала намесніца старшыні ўправы Алена Ілюхіна. У дакуменце яна паказвае на “выклікі, якія стаяць перад групай “Газпрама” і “неабходнасць “аптымізацыі выдаткаў на ўсіх узроўнях кіраўнічых і вытворчых працэсаў”.
Як піша Ілюхіна, цяпер “Газпрам” штогод марнуе 50 млрд рублёў толькі на заробкі супрацоўнікам цэнтральнага офіса. Іх колькасць, паводле ацэнак Ілюхіна, можна скараціць з 4,1 тысячы да 2,5 тысячы чалавек.
Намеснік старшыні ўправы "Газпрама", начальнік дэпартамента інфармацыйнай палітыкі Сяргей Купрыянаў пацвердзіў Forbes сапраўднасць ліста. Кандыдатаў на звальненне “Газпрам” плануе абраць на працягу месяца - да 15 лютага, вынікае з дакумента.