У Эстоніі ініцыявалі законапраект аб закрыцці мяжы з РФ
10- 13.01.2025, 18:44
- 5,254
Для гэтага ёсць адпаведныя тэхнічныя магчымасці і прававыя падставы.
У Эстоніі апазіцыйная партыя «Айчына» ініцыявала ў панядзелак законапраект, паводле якога парламент дасць ураду ўказанне закрыць эстонска-расейскую мяжу, паведамляе ERR.
Лідар «Айчыны» Урмас Рэйнсалу абгрунтаваў законапраект некалькімі гібрыднымі атакамі, якія, з яго слоў, Расея арганізавала супраць Эстоніі ды яе краін-хаўрусніц.
«І партнёрскія спецслужбы, і органы бяспекі Эстоніі неаднаразова папярэджвалі аб рызыцы сабатажу з боку расейскіх спецслужбаў. Памежная ахова Расейскай Федэрацыі зрабіла варожы крок, зняўшы з ракі Нарвы буі, якія абазначаюць мяжу.
У снежні меў месца маштабны тэрарыстычны акт у Фінскай затоцы з мэтай разбурэння эстонска-фінскай падводнай інфраструктуры», - сказаў Рэйнсалу, назваўшы гэта правакацыямі з боку Расеі.
На яго думку, улічваючы цяперашнюю сітуацыю з бяспекай дарэчы закрыць мяжу паміж Эстоніяй і Расеяй, а органы бяспекі і ўрад Эстоніі маюць адпаведныя тэхнічныя магчымасці і прававыя падставы.