Reuters: Шэсць краін ЕЗ заклікалі знізіць столь коштаў расейскай нафты
2- 13.01.2025, 19:24
- 3,114
На гэты момант столь устаноўленая на ўзроўні $60 за барэль.
Швэцыя, Данія, Фінляндыя, Латвія, Літва і Эстонія заклікалі Еўракамісію знізіць столь коштаў расейскай нафты, устаноўленую краінамі G7 на ўзроўні $60 за барэль, паведамляе Reuters са спасылкай на супольны ліст упаўнаважаных прадстаўнікоў шасці еўрапейскіх краін. У дакуменце не ўдакладняецца сума новага коштавага парога.
«Захады, накіраваныя на скарачэнне даходаў ад экспарту нафты, маюць вызначальнае значэнне, бо яны накіраваныя на найважнейшую крыніцу даходу Расеі, - гаворыцца ў лісце. - Мы мяркуем, што цяпер самы час узмацніць уздзеянне нашых санкцый, знізіўшы столь коштаў нафты, устаноўленай G7».
«Міжнародны рынак нафты сёння лепш забяспечаны сыравінай, чым у 2022 годзе, што зніжае рызыку таго, што ніжэйшая столь коштаў прывядзе да перабояў у пастаўках, - гаворыцца ў лісце шасці еўрапейскіх краін. — З прычыны абмежаваных магчымасцяў захоўвання і празмернай залежнасці ад экспарту энэрганосьбітаў у плане даходаў у Расеі няма альтэрнатывы працягу экспарту нафты нават значна ніжэйшай цаной».
У канцы 2024 года Bloomberg са спасылкай на крыніцы пісаў, што пытанне зніжэння коштавага парога прыкладна да $40 на расейскую нафту абмяркоўваюць краіны G7. Са слоў суразмоўцаў агенцтва, таксама разглядаецца фактычная замена гэтага механізму поўнай забаронай на перапрацоўку сырой нафты з Расеі. Кансэнсусу ў гэтым пытанні пакуль няма, адзначалі крыніцы.