Bloomberg: Індыя адмовіцца ад паставак нафты танкерамі, якія трапілі пад санкцыі ЗША
4- 13.01.2025, 19:38
- 2,604
Нью-Дэлі шукае новых пастаўшчыкоў.
Індыя адмовіць у разгрузцы танкерам, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ЗША, абвешчаныя 10 студзеня, заявіў высокапастаўлены індыйскі чыноўнік Bloomberg. Выключэннем будуць судны, зафрахтаваныя да 10 студзеня пры ўмове, што яны разгрузяцца да 12 сакавіка.
Як распавёў чыноўнік, індыйскія банкі будуць патрабаваць сертыфікаты паходжання, каб гарантаваць, што нафта паступае не ад пастаўшчыкоў, якія трапілі пад санкцыі.
Са слоў суразмоўцы агенцтва, індыйскія нафтаперапрацоўчыя кампаніі вядуць перамовы аб падпісанні доўгатэрміновых кантрактаў з пастаўшчыкамі на Блізкім Усходзе і ў залежнасці ад сітуацыі яны могуць запытаць дадатковыя аб'ёмы паставак. Пры гэтым, адзначыў ён, індыйскія кампаніі могуць пазбавіцца зніжак, якімі яны карысталіся пры куплі расейскай нафты, калі пастаўкі скароцяцца.
Аб тым, што індыйскія і кітайскія нафтаперапрацоўчыя кампаніі шукаюць новых пастаўшчыкоў, напрыклад, на Блізкім Усходзе, раней пісалі The Economic Times і Reuters.
На адзнаку суразмоўцы Bloomberg, уплыў санкцый будзе адчувальным пасля іх уваходжання ў поўнае дзеянне праз два месяца. Пры гэтым, адзначае ён, пастаўкі нафты не будуць праблемай для Індыі, бо ў ОРЕС+ ёсць свабодныя магутнасці, а пастаўшчыкі, якія не ўваходзяць у аб'яднанне, могуць нарасціць здабычу. Таксама індыйскі чыноўнік мяркуе, што хоць рост коштаў нафты, вышэйшы за $80 за барэль і з'яўляецца праблемай, гэта не працягнецца доўга.
10 студзеня ЗША ўвялі «найбольш значныя» за ўвесь час санкцыі супраць расейскага энэргетычнага сектара. У спіс патрапілі два з чатырох найбуйнейшых расейскіх нафтавытворцаў («Газпрам нафта» і «Сургутнафтагаз»), дзясяткі нафтасэрвісных прадпрыемстваў, трэйдары па ўсім свеце, якія гандлююць расейскай нафтай. Таксама пад санкцыямі апынуліся больш за 180 танкераў (акрамя нафтатанкераў гэта ледакол, судны забеспячэння і некалькі ЗПГ-танкераў), якія ўлады ЗША ўважаюць за частку «ценявога флоту» Расеі.
Акрамя таго, абмежаванні закранулі «Замежны дзяржстрах» і «АльфаСтрахаванне», якія займаюцца страхаваннем марскіх перавозак.