У Горках супрацоўнікам хочуць выдаваць заробак грэчкай
13- 13.01.2025, 20:59
- 5,562
Амаль пратэрмінаванай.
Горацкі райвыканкам прапаноўваў выдаваць вяскоўцам пратэрмінаваныя грэцкія крупы ў лік заробку, заўважыў сайт orsha.eu.
У 2023 годзе КУП «Горацкі элеватар» займалася перапрацоўкай грэчкі. Потым гатовы прадукт планавалі прадаваць наўпрост спажыўцам. Але ніхто грэчку не набываў. У выніку на элеватары сабралася 166 тонаў 531 кг грачаных крупаў у мяшках на 50 кг.
Летась перапрацоўку грэчкі спынілі. Але было неабходна рэалізаваць крупы, у якіх сканчаўся тэрмін прыдатнасці. Горацкі райвыканкам прапанаваў, каб грэчку загадалі набыць сельгаспрадпрыемствам Магілёўшчыны – для харчавання супрацоўнікаў, а таксама ў кошт заробкаў. Гэтую прапанову падтрымаў Магілёўскі аблвыканкам. У выніку частку крупаў атрымалася размеркаваць.
Аднак на элеватары засталася частка прадукцыі, у якой тэрмін прыдатнасці складаў менш за месяц. Кіраўніцтва прадпрыемства зноў звярнулася ў Горацкі райвыканкам, каб мясцовым сельгасарганізацыям загадалі набыць грэчку. У тым ліку для выдачы крупаў у кошт заробкаў працаўнікам.
Раней «Горацкі элеватар» сам звяртаўся з такой прапановай да сельскагаспадарчых арганізацый. Аднак самі яны адмаўляюцца набываць практычна пратэрмінаваныя крупы.