14 студзеня 2025, aўторак, 19:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаго баіцца Лукашэнка і ягонае асяроддзе

37
Чаго баіцца Лукашэнка і ягонае асяроддзе

Новы Ціханоўскі можа з'явіцца з народа ў кожны момант.

Дакументальны фільм пра Сяргея Ціханоўскі добры ўжо тым, што асвяжае памяць аб падзеях 2020-га. Нагадвае аб тым, як усё пачыналася, аб атмасферы, якая панавала тады па ўсёй краіне: ад глухіх вёсак - да райцэнтраў і сталіцы.

Гэта фільм не толькі пра аўтара ўдалага лозунгу і папулярнага блога, але і пра ўсіх нас, хто ў тыя дні адчуў на сабе той самы вецер магчымых перамен.

Сёння шмат каму здаюцца ірацыянальнымі меры засцярогі, якія прымае палітычны рэжым напярэдадні «перавыбараў» Лукашэнкі на пасаду, якую ён утрымлівае чацвёрты дзясятак гадоў.

Здавалася б, дзе тут логіка - ва ўсіх гэтых вучэннях сілавікоў, у бясконцым канвееры рэпрэсій, запалохванні ўсіх і кожнага - як унутры краіны, так і за яе межамі?

Але гэтыя страхі становяцца зразумелымі, калі паспрабаваць супаставіць тое, чаго патрабавалі беларусы ў 2020-м, і што ў адказ зрабілі дыктатар і ягонае асяроддзе.

Пачнём з галоўнага. Людзі патрабавалі свабодных і сумленных выбараў, а атрымалі цынічнае перапрызначэнне таго, хто пад крыкі "Сыходзь!" паабяцаў пайсці, папрасіўшы пацярпець яго яшчэ пяць гадоў. Але так і не сышоў.

Людзі патрабавалі ад улады перамен. Перамен да лепшага - каб іх меркаванне і годнасць улічвалі і паважалі. І перамены надышлі, але зусім не тыя, якіх чакалі беларусы.

Сёння іх меркаванне перасталі ўлічваць ад слова "зусім". Годнасць людзей растаптаная ў катавальных камерах ІЧУ і на гідкіх “флэшмобах” у падтрымку састарэлага дыктатара.

У 2020-м чыноўніца магла паказаць блогеру дулю, але і блогер мог паскардзіцца на нядбайнага старшыню райвыканкама. Сёння скарга на чыноўніка можа абярнуцца для яе аўтара рэальнай крымінальнай справай, а папулярны сайт петыцый даўно ўжо носіць статус "экстрэмісцкага".

Ціханоўскі казаў, што будучыня краіны за малым бізнэсам. Улады, як і пяць гадоў таму, як і дзесяць, і дваццаць, не спыняюць спроб вынішчэння ІП як класв. Бо бачаць у ім не залог поспеху і развіцця краіны, але пагрозу сабе.

Людзі скардзіліся на нястачу урачоў у паліклініках і бальніцах. Сёння ў чыноўнікаў ёсць свая спецлякарня, а ў раённых лякарнях па-ранейшаму не стае спецыялістаў. А тых, хто застаўся, не саромеючыся выціскаюць з краіны ці кідаюць у камеры.

Словам, за гэтыя гады патрабаванні беларусаў засталіся тамака, дзе і былі. Стала толькі горш. Адзіная выснова, якую для сябе зрабілі людзі, якія захапілі ўладу - не пераставаць біць па галовах. Заганяць народ пад ліштву, запалохваць.

Адсюль і зацыкленая рыторыка вайны, якая апраўдвае ўсё, затуманьвае мозг нават тым, хто зусім нядаўна выходзіў на вуліцу патрабаваць лепшага жыцця.

Праблема ў тым, што патрабаванні гэтыя не толькі не старэюць. Яны робяцца ўсё больш актуальнымі. І толькі пытанне часу, калі яны выльюцца разам з людзьмі на вуліцы.

“Адзін з нас” - удалая назва для фільма пра таго, хто “падняў людзей з канапаў”. Гэта сведчанне таго, што новы Ціханоўскі можа з'явіцца з народа, як толькі для гэтага будзе зручны момант.

Бяда для ўсіх нас у тым, і ўлады прыкладаюць да гэтага ўсе намаганні, што на гэты раз сімвалам пратэсту можа стаць штосьці больш сур'ёзнае за бяскрыўдны тэпаць.

Арцём Сініцын, "Салідарнасць"

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках