Беларускі футбаліст пакрыўдзіўся на жыхароў Менска
13- 14.01.2025, 12:02
- 8,648
Не пазналі яго і не папрасілі зрабіць фота.
Абаронца Максім Швецаў, які выступае за расейскі «Ротар» з Валгаграда, выказаўся пра слабую цікавасць да футбалістаў у сталіцы Беларусі, паведамляе «Прессбол».
“На вуліцы [у Валгаградзе] пазнаюць, пытаюцца, як маюся, просяць сфатаграфавацца. Не так, як у Менску. Хто перашкаджае нашым заўзятарам таксама падтрымліваць “Дынама”, якое дорыць гораду чэмпіёнства і еўракубкі?” - задаў пытанне Швецаў.
Паводле яго слоў, на матчах "Ратара", куды Максім перайшоў з "Дынама" летам мінулага года, "вар’яцкая атмасфера". Абаронцу 26 гадоў, у яго актыве 12 матчаў за нацыянальную каманду.
Гэта не першы футбаліст, які скардзіцца на слабую цікавасць і наведвальнасць матчаў у Беларусі.
“Цяпер, на жаль, на футбол увогуле ходзіць вельмі мала людзей. Хаця мы стараемся гуляць для заўзятараў. Прынамсі, імкнёмся паказваць прыгожы і відовішчны футбол. Так што праз гэта крыху крыўдна», — казаў у кастрычніку 2023 года футбаліст гарадзенскага «Нёмана» Ягор Зубовіч.
Крыху раней на гледачоў крыўдзіўся і капітан менскага “Дынама” Сяргей Паліцевіч: “Вядома, не можа задавальняць той факт, што стадыён не цэлы. Часта заўзятары гавораць, што будуць прыходзіць тады, калі пачнём перамагаць. Цяпер каманда ідзе на першым месцы, але людзей ад гульні да гульні больш не становіцца”.