Трамп падтрымаў канфіскацыю $300 млрд расейскіх рэзерваў
16- 14.01.2025, 12:46
- 8,798
Каб прымусіць Маскву да перамоў.
Адміністрацыя Джо Байдэна прыкладае апошнія намаганні, каб пераканаць еўрапейскіх супольнікаў выкарыстоўваць блізу $300 млрд замарожаных расейскіх рэзерваў для ўзмацнення ціску на Маскву. Паплечнікі Дональда Трампа, які зойме Белы дом праз тыдзень, падтрымліваюць гэтую ідэю.
Памочнікі Байдэна прапанавалі перавесці расейскія актывы на новы рахунак эскроў; забраць іх можна будзе толькі пры ўмове мірнага пагаднення з Украінай, распавялі CNN два высокапастаўленыя прадстаўнікі адміністрацыі. Белы дом спрабуе пераканаць еўрапейскія краіны, дзе знаходзіцца асноўная частка рэзерваў (у адным толькі бельгійскім дэпазітарыі Euroclear іх блізу 190 млрд еўраў), падтрымаць гэты крок.
Канфіскацыя актываў стане простым пасланнем Маскве, растлумачыў CNN высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі: "Калі хочаце вярнуць свае грошы, вам давядзецца ўступіць у перамовы". Чыноўнікі Белага дома падрабязна абмяркоўвалі гэтую ідэю з камандай Трампа, уключаючы сэнатара Марка Рубіа і кангрэсмэна Майка Уолца, якіх абраны прэзідэнт вылучыў на пасады дзяржсакратара і дарадцы ў нацыянальнай бяспецы адпаведна.
Са слоўлюдзей, знаёмых з пытаннем, лагер Трампа ў цэлым падтрымлівае гэтую стратэгію, мяркуючы, што канфіскацыя грошай можа стварыць дадатковы стымул для Расеі сесці за стол перамоў. Трамп неаднаразова заяўляў аб імкненні дамагчыся хутчэйшага заканчэння вайны: падчас перадвыбарнай кампаніі ён абяцаў зрабіць гэта за адзін дзень, але нядаўна адсунуў тэрмін на паўгода.
Вашынгтон ужо больш за год заклікае краіны Еўразвязу выкарыстоўваць расейскія рэзервы для дапамогі Украіне, але ў Еўропе мяркуюць, што канфіскацыя стане парушэннем міжнародных нормаў і можа падарваць давер да еўра. Пакуль што краіны "вялікай сямёркі" дамовіліся даць Украіне крэдыты на $50 млрд пад заклад будучых даходаў ад замарожаных расейскіх рэзерваў.
Да выкарыстання ж асноўнай сумы рэзерваў у ЕЗ працягваюць ставіцца скептычна. Гэта, са слоў крыніц CNN, датычыцца і новай прапановы Вашынгтона, таму наўрад ці якога-небудзь роду дамоўленасць будзе дасягнута да змены ўлады ў Белым доме.
Падчас апошніх сустрэч з лідарамі G7 Байдэн асабіста ўзнімаў гэтае пытанне, распавёў прадстаўнік Белага дома. Гэта робіцца ў рамках намаганняў аб умацаванні пазіцый адміністрацыі Трампа пры абмеркаванні пытання аб перамовах па мірным урэгуляванні ва Украіне. Дзяржсакратар Энтані Блінкен заявіў на мінулым тыдні, што адыходзячая адміністрацыя імкнецца зрабіць усё, каб Трамп, калі вырашыць арганізоўваць перамовы, мог зрабіць гэта "з пазіцыі сілы і дабіцца найлепшай магчымай угоды".