Базавы пакет мабільнай сувязі ўводзяць у Беларусі
13- 14.01.2025, 19:51
- 12,046
Што там будзе.
У Беларусі зацверджаны базавы пакет паслуг мабільнай сувязі.
Пра гэта сказана ў пастанове ўрада №1073 ад 31 снежня 2024 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.
У базавы пакет уваходзяць 200 хвілін галасавога трафіку ва ўсе сеткі, 2 Гб перадачы звестак і 50 СМС-паведамленняў на месяц.
Навошта патрэбен базавы тарыф
Як раней паведамлялася, базавы тарыф будзе ў кожнага аператара. Уводзяць яго для таго, каб зрабіць сувязь больш даступнай для насельніцтва.
Кампаніям у такім тарыфе абмяжуюць рэнтабельнасць у межах 25% сабекошту паслуг.
Якія яшчэ змены ўводзяць
Дакумент таксама ўносіць змены ў правілы надання паслуг электрасувязі. Напрыклад, мінімальны тэрмін дзеяння тарыфнага плана зараз складае два гады з моманту яго ўстанаўлення.
Акрамя таго, абноўленыя патрабаванні да ахопу тэрыторыі сувяззю і яе якасці. Чакаецца, што ахоп па тэхналогіі LTE павялічыцца з 94% у 2025 годзе да 99% у 2030 годзе.
Сярэдняя хуткасць перадачы звестак у Менску і абласных цэнтрах павінна вырасці з 35 да 70 Мбіт/с.
Большасць новаўвядзенняў набудзе моц з 1 красавіка 2025 года.
«Белтэлекам» можа стаць мабільным аператарам
Раней стала вядома, што «Белтэлекам» можа стаць аператарам. Паведамлялася, што ёсць тры мадэлі выхаду кампаніі на рынак мабільнай сувязі. Гэта будаўніцтва ўласнай сеткі, арэнда (мадэль віртуальнага аператара) або набыццё дзейнага аператара.
Усе варыянты зараз вывучаюцца, у першую чаргу - іх эканамічны складнік.