Forbes: Атака УСУ на Энгельс спаралізавала дзеянні стратэгічнай авіяцыі РФ
5- 15.01.2025, 9:00
- 6,772
Аналітыкі патлумачылі эфект падвойнага ўдару.
Яшчэ 8 студзеня беспілотнікі УСУ нанеслі першую серыю ўдараў па аэрадроме Энгельс, які знаходзіцца за 650 км ад Украіны. Пажар ахапіў склад, дзе знаходзілася да 800 тысяч тон паліва. З агнём пажарныя не маглі справіцца некалькі дзён. Толькі на 6-ы дзень пажар быў ліквідаваны. Аднак ужо ўчора беспілотнікі паўторна атакавалі вайсковы аб'ект у Энгельсе, піша Forbes.
Учорашняя атака дронаў на РФ стала самай маштабнай за 35 месяцаў вайны. Пад ударамі былі вайсковыя аб'екты і НПЗ. Пры гэтым пакуль незразумела, якія тыпы дронаў задзейнічаў Кіеў пры ўчорашняй атацы на РФ.
Журналісты з Kyiv Post згадваюць такія беспілотнікі, як "Бабер", "Люты", UJ-22 і PD-2. Якія б тыпы беспілотнікаў ні былі задзейнічаны, падвойны ўдар меў дакладную мэту: абмежаваць расейскія паветраныя налёты на ўкраінскія гарады, хай нават часова.
У Энгельсе базуюцца стратэгічныя бамбавікі "Ту-95" і "Ту-160", якія наносяць удары па тэрыторыі Украіны крылатымі ракетамі. У сховішчах было рэдкае паліва менавіта для стратэгічнай авіяцыі, заяўляюць у Цэнтры стратэгічных камунікацый.
І калі ўкраінскія беспілотнікі прадоўжаць наносіць удары, а расейская СПА нічога не зробіць, каб іх спыніць, эфект для расейскіх бамбавікоў можа ўзмацніцца.
Экспэрты гавораць, што з 2022 года беспілотнікі Украіны нанеслі мінімум 8 удараў па Энгельсе.
Учора Зяленскі заявіў, што правёў нараду наконт вытворчасці дронаў розных тыпаў і розных мадыфікацый.
Зяленскаму, відаць, былі прадстаўлены ідэі для новых і, як мяркуецца, палепшаных дронаў. Украінцы наносяць удары углыб Расеі часцей і з добрым эфектам.