15 студзеня 2025, Серада, 13:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ уводзіць эмбарга на ЗПГ і алюміній з Расеі

ЕЗ уводзіць эмбарга на ЗПГ і алюміній з Расеі

Новыя падрабязнасці 16-га пакета санкцый.

Еўразвяз у рамках 16-га пакета санкцый супраць Расеі рыхтуецца ўвесці эмбарга на пастаўкі расейскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) і алюмінію, а таксама ўвесці абмежаванні супраць дзясяткаў суднаў і адключыць новыя банкі ад сістэмы міжнародных плацяжоў SWIFT, расказалі Bloomberg еўрапейскія дыпламаты.

З іх слоў, адмова ад ЗПГ можа праведзена паэтапна, у рамках дарожнай карты, якую Еўракамісія прадставіць у наступным месяцы. Асноўнымі імпарцёрамі расейскага ЗПГ у ЕЗ выступаюць Гішпанія, Бэльгія і Францыя. Яны не павінны блакаваць абмежаванні. У той жа час санкцыі супраць трубаправоднага газу з Расеі не разглядаюцца, бо Вугоршчына і Славакія ўсё яшчэ спадзяюцца на расейскія пастаўкі. Са звестак Bloomberg, калі ў 2020 годзе ў Еўропу паступала блізу 10,5 млн т ЗПГ з Расеі, то летась пастаўкі выраслі да рэкордных 15,5 млн т.

Маштаб санкцый у дачыненні да алюмінію і тэрміны іх увядзення пакуль не вызначаныя. Не выключана, што яны таксама будуць мець паэтапны характар, адзначылі суразмоўцы Bloomberg. Да гэтага забарону на імпарт расейскага алюмінію ўжо ўвялі ЗША і Вялікабрытанія. ЕЗ забараніў толькі пастаўкі алюмініевага дроту, фольгі і некаторых труб. Са звестак Trade Data Monitor, са студзеня да кастрычніка 2024 года краіны ЕЗ імпартавалі з Расеі амаль 130 тыс. тон алюмінію, што складае 6% ад агульнага аб'ёму паставак у 2, 2 млн тон. Для параўнання: за аналагічныя перыяды 2023 і 2022 гадоў гэты паказчык дасягаў 11 адсоткаў і 19 адсоткаў адпаведна. На фоне скарачэння экспарту ў ЕЗ найбуйнейшы вытворца алюмінію - кампанія "Русал", якая належыць Алегу Дзерыпаску, - звярнулася да ўрада па экстранную падтрымку.

У ЕЗ разлічваюць увесці новы пакет санкцый супраць Расеі да трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне - 24 лютага. У Крамлі называлі санкцыі «ўзаемнай зброяй», папярэджваючы, што яны «бумерангам б'юць» па інтарэсах краін, якія іх уводзяць. Таксама ў Крамлі запэўнівалі, што ў Масквы ёсць досвед «мінімізацыі наступстваў» ад санкцыйных абмежаванняў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках