CNN: На Захадзе актыўна абмяркоўваюць адпраўку войскаў NATO ва Украіну
7- 15.01.2025, 10:26
- 3,532
Размяшчэнне войскаў плануецца ўздоўж лініі фронту.
Заходнія супольнікі Украіны актыўна абмяркоўваюць, як краіны NATO маглі б разгарнуць войскі для выканання дапамогі ў дэмілітарызаванай зоне ў выпадку ўкладання адпаведнага мірнага пагаднення. Аб гэтым піша CNN са спасылкай на еўрапейскага вайсковага чыноўніка.
«Магчыма, прысутнасць некаторых войскаў NATO ўздоўж ліній фронту Украіны зможа ўтрымаць Крэмль ад спроб павольнага прасоўвання», - гаворыцца ў публікацыі.
Кіраўнік місіяй назіральнікаў АБСЕ Аляксандр Хуг у 2014-15 гадах заявіў, што ніводнае спыненне агню не ідэальнае:
«Парушэнні абавязкова будуць. Ключавое пытанне ў тым, што пагадненне прадугледжвае з пункту гледжання санкцый і мераў выпраўлення становішча… Сітуацыі тады і зараз не аднолькавыя, але ключавыя ўрокі, узятыя 10 гадоў таму, застаюцца актуальнымі і сёння».
Былая прэм'ер-міністарка Эстоніі, Вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас адзначыла, што Украіна ўсё яшчэ можа перамагчы пры правільнай дапамозе:
«Стаўкі для еўрапейскай бяспекі надзвычай высокія. Маштабы гібрыдных нападаў у Еўропе ўжо рэзка ўзраслі, і параза Украіны каштавацьме нам значна даражэй, чым дапамога. Пуцін прадэманстраваў поўнае грэбаванне міжнародным правам, і яму нельга давяраць. Без надзейных гарантый бяспекі кожнае пагадненне аб спыненні агню, хутчэй за ўсё, будзе мець няўдачу. Расея проста пераўзброіцца і зноў нападзе. Дрэннае мірнае пагадненне прывядзе толькі да новай вайны, як гэта было раней».
Паводле ейных слоў, неабходна атрымаць урокі з мінулага і забяспечыць «устойлівасць кожнага будучага пагаднення».