У Іране адпрэчылі стварэнне вайсковага звязу з Расеяй
1- 15.01.2025, 12:09
- 5,230
Тэгеран зняпраўдзіў заяву Крамля.
Дамова аб усёабдымным партнёрстве Масквы і Тэгерана не мае на ўвазе стварэнне вайсковага альянсу паміж дзяржавамі, заявіў кіраўнік МЗС Ірана Абас Аракчы ў інтэрв'ю агенцтву IRNA.
"Пагадненне ўключае ў сябе супрацоўніцтва ў галіне бяспекі і абароны, але не мае на мэце стварэння вайсковага альянсу", - сказаў Аракчы. Паводле ягоных слоў, асаблівая ўвага ў дамове нададзеная эканоміцы і гандлю, а сама яна накіраваная выключна на паляпшэнне ўзаемадачыненняў Расеі і Ірана і не будзе ўкладзеная з мэтай супрацьстаяць якому-небудзь трэцяму боку.
Да гэтага пасол Ірана ў Расеі Казем Джалалі паведаміў, што дамова аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве паміж Масквой і Тэгеранам будзе падпісаная падчас візіту іранскага прэзідэнта Масуда Пезешкіана ў расейскую сталіцу. Прадугледжваецца, што пагадненне будзе дзейнічаць на працягу 20 гадоў. Усяго ў дакуменце змяшчаецца 47 артыкулаў, якія ахопліваюць усе сферы двухбаковага супрацоўніцтва. Пры складанні дамовы асноўная ўвага надавалася "збалансаванасці, прынцыпам суверэнітэту і павагі тэрытарыяльнай цэласнасці краін", падкрэсліў Джалалі. У той жа час, са звестак Middle East Eye, дакумент не мае на ўвазе прызнанне расейскімі Крыма і іншых анэксаваных тэрыторый Украіны.
Пзешкіан наведае Рас6ю ў пятніцу, 17 студзеня, пасля візіту ў Таджыкістан. У Крамлі паведамлялі, што дамова паміж дзвюма краінамі будзе падпісаная пасля перамоў Пуціна і Пязешкіна. Дакумент быў гатовы яшчэ восенню, але яго падпісанне адклалі праз гібель іранскага прэзідэнта Эбрахіма Раісі.
Са звестак The Times, напярэдадні прыезду Пзешкіана ў Расею з таемнымі візітамі неаднаразова наведваўся дарадца вярхоўнага лідара Ірана Алі Ларыджані, які мог прасіць дапамогі ў рэалізацыі ядзернай праграмы і ўмацаванні супрацьпаветранай абароны. Пры гэтым крыніцы выдання ў выведвальных службах адзначылі, што Расея можа перайсці раней устаноўленыя чырвоныя лініі наконт іранскай ядзернай праграмы, паколькі моцна залежыць ад паставак іранскіх ракет і беспілотнікаў.