З Беларусі забаранілі вывозіць яблыкі і капусту
8- 15.01.2025, 21:42
- 1,584
Абмежаванне ўвялі на тры месяцы, але яго могуць і падоўжыць.
Урад Беларусі ўвёў ліцэнзаванне вывазу агародніны і садавіны.
Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.
Так, часовая забарона ўведзеная на экспарт белакачаннай капусты, яблыкаў, цыбулі рэпчатай, морквы, буракоў.
Вываз такой прадукцыі незалежна ад краіны яе паходжання за межы краіны будзе ажыццяўляцца з разавымі ліцэнзіямі, якія выдаюцца МАРГ праз узгадненне з Мінсельгасхарчам, аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам.
«Пастанова аб магчымасці выдачы такой ліцэнзіі будзе прымацца ўпаўнаважанымі органамі зыходзячы з ацэнкі суадносінаў свабодных рэсурсаў гэтай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь і патрэбаў краіны ў ёй на момант узгаднення ліцэнзіі», – удакладнілі ва ўрадзе.
Там таксама адзначылі, што пастанова прынятая ў мэтах забеспячэння ўнутранага рынку сельскагаспадарчай прадукцыяй у міжсезонны перыяд.
Часовая забарона прадоўжыцца тры месяцы.