УСУ падарвалі стратэгічна важную шахту перад расейскім наступам
2- 16.01.2025, 15:33
- 5,668
Шахта пад Пакроўскам была падарваная прыблізна 20 снежня.
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА
Украінскае войска ўзарвала стратэгічна важную вугальную шахту пад Пакроўскам у Данецкай вобласці перад наступам расейскіх войскаў. Аб гэтым піша газета The New York Times.
Шахта, дзе здабываўся кокса-вугаль, забяспечвала металургічную прамысловасць. Яе закрыццё можа напалову скараціць вытворчасць сталі ў краіне, сцвярджаецца ў матэрыяле. У 2023 годзе на ёй здабылі 3,2 млн. тон вугалю.
Да лета здабыча скарацілася амаль на трэціну, да 7 тысяч тон вугалю за дзень. Да сярэдзіны снежня яна здабывала 2 тысячы тон вугалю за дзень. Да сярэдзіны снежня праца на шахце стала немагчымай праз пастаянныя абстрэлы і дэфіцыт энэргіі.
Шахцёрам даводзілася пранікаць у яе не праз сяло Пясчанае, дзе быў размешчаны ўваход, а праз падземныя тунэлі. Вяртацца ім даводзілася на канвеерных стужках.
Украінскія вайскоўцы асцерагаліся, што такім жа чынам расейскае войска можа абысці пад зямлёй украінскія пазіцыі і ўдарыць ім у тыл, гаворыцца ў матэрыяле NYT. У шахту была закладзеная выбухоўка. Яна была падарваная прыблізна 20 снежня. Выбухоўку заклалі ў двух іншых шахтах прадпрыемствы, якія яшчэ застаюцца пад кантролем Украіны. Аднак невядома, ці падарвалі яе.