«Пуцін хавае катастрофу, але сітуацыя вось-вось ірване»
5- 16.01.2025, 15:36
- 16,836
Крэмль апынуўся ў пастцы.
Экспэрты зазначаюць, што расейская эканоміка знаходзіцца на мяжы катастрофы, аднак хаваць няўдачу становіцца ўсё больш складана.
За фасадам уяўнай стабільнасці расейскай эканомікі хаваецца сур'ёзны фінансавы крызіс, выкліканы маштабнымі вайсковымі выдаткамі.
Італьянская газета Corriere della Sera у сваім артыкуле выкрывае механізмы, з дапамогай якіх Крэмль спрабуе замаскаваць сапраўдны стан эканомікі.
Нягледзячы на вайну з Украінай, якая працягваецца, і рост вайсковага бюджэту да 8% ВУП, афіцыйны дзяржаўны дэфіцыт Расеі за 2024 года склаў усяго 1,9%.
Аднак, як адзначае выданне, за гэтай лічбай хаваецца рэзкі рост карпаратыўнай пазыкі, які фінансуецца праз камерцыйныя банкі на загад Крамля.
З моманту пачатку вайны карпаратыўная завінавачанасць у Расеі вырасла на 71%, дасягнуўшы 415 мільярдаў даляраў, што складае блізу адной пятай ВУП краіны.
Больш за палову гэтага доўгу наўпрост звязана з вайсковай эканомікай і крэдытамі, выдадзенымі пад ціскам дзяржавы.
Прымусовыя крэдыты і "зомбі-кампаніі"
Ключавым інструментам схаванага фінансавання стаў прымус расейскіх банкаў выдаваць льготныя крэдыты прадпрыемствам ваенна-прамысловага комплексу. Эканаміст і банкір Крэйг Кэнэдзі ў сваім даследаванні сцвярджае, што блізу паловы такіх кампаній фактычна з'яўляюцца "зомбі": яны няздольныя існаваць без дзяржаўнай падтрымкі.
Крызіс пагаршаецца дзеяннямі старшыні Банка Расеі Эльвіры Набівулінай, якая падняла ключавую стаўку да 21%, спрабуючы стрымаць інфляцыю.
Гэты крок выклікаў рэзкую незадаволенасць сярод кіраўнікоў абаронных гігантаў, такіх як Сяргей Чэмезаў ("Растэх") і Аляксей Мардашоў ("Поўначсталь"), якія скардзяцца на яе наўпрост Пуціну.
Дылема Пуціна
Італьянскія аналітыкі падкрэсліваюць, што Крэмль у пастцы. Працяг вайны патрабуе ўсё большых фінансавых уліванняў, што ўзмацняе ціск на і без таго перагружаную банкаўскую сістэму.
У той жа час спыненне канфлікту пагражае масавымі банкруцтвамі прадпрыемстваў, чыё існаванне поўнасцю залежыць ад вайсковых замоў.
Асабліва трывожным сігналам стала інтэрв'ю Мікалая Патрушава, дарадцы Пуціна, які заявіў, што Украіна "можа спыніць сваё існаванне на працягу года".
Corriere della Sera інтэрпрэтуе гэтыя словы як ускоснае прызнанне таго, што Расея не зможа весці вайну без поўнага эканамічнага і фінансавага краху.
Экспэрты зазначаюць, што расейская эканоміка знаходзіцца на мяжы катастрофы. Устойлівасць балансу паміж банкамі і бізнэсам пад пагрозай, а пазыковая нагрузка працягвае расці.
Італьянскае выданне падкрэслівае, што з кожным месяцам фінансавая будучыня Расеі становіцца ўсё больш крохкай і хаваць гэту няўдачу ад грамадскасці становіцца ўсё больш складана.