У менскім ГЦ «Сілуэт» адбыўся пажар
4- 16.01.2025, 17:40
- 5,116
Каля Камароўкі перапалох.
Паводле інфармацыі чытачоў onliner.by, у гандлёвым цэнтры «Сілуэт» выяўленае задымленне. «Шмат пажарных, людзей вывелі на вуліцу», — паведамляюць менчукі. Надзвычайнае здарэнне пацвердзілі і ў МНС: «Ратавальнікі выехалі на паведамленне аб задымленні ў ГЦ „Сілуэт“ па вул. В. Харужай, 1А, у Менску».
Яшчэ адным відэа падзялілася чытачка Лідзія. Як бачна, з часам дыму на вуліцы стала больш: калі раней ён быў лакалізаваны паміж будынкамі №1 і 3 на вул. В. Харужай, то зараз выбраўся на дарогу. «Відэа зробленае 30 хвілін таму (прыкладна а палове на пятую. — Заўв.). Сігналізацыя гарлапаніць, дыхаць проста побач складана, я адышла. Па паху падобна, што гарыць праводка», - мяркуе дзяўчына.
«Па паху як быццам піратэхніка», - дзеліцца сваімі назіраннямі Іван.
«Я быў каля паркоўкі, не зважаў на тое, што адбываецца ззаду. Адчуў пах нібы падпаленай праводкі, павярнуўся - было вельмі шмат дыму, а праз пару хвілін было абсалютна нічога не відаць», - апісвае сітуацыю Арцём.
Са слоў Аляксандра, які таксама апынуўся каля ГЦ падчас пажару, дым ішоў з боку шматузроўневай паркоўкі. Такой была абстаноўка каля паркінга прыкладна а палове на пятую вечара.
А 17-й гадзіне дым каля ГЦ рассеяўся. «Але ўнутр усё адно нікога не пускаюць», - растлумачыў Аляксандр.
Як удакладнілі ў МНС, ратавальнікі ўжо ліквідавалі загаранне ў ГЦ «Сілуэт». Паводле папярэдняй інфармацыі, гарэла маёмасць і абсталяванне на плошчы 20 кв. м у памяшканні венткамеры паркінга. Эвакуяваныя былі больш за 600 чалавек. Пацярпелых няма.
Прычына здарэння высвятляецца.