17 студзеня 2025, Пятніца, 1:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы прэм'ер Францыі Байру пераадолеў вотум недаверу

Новы прэм'ер Францыі Байру пераадолеў вотум недаверу
ФРАНСУА БАЙРУ

Для вотуму недаверу патрабавалася падтрымка не менш як 288 з 577 дэпутатаў Нацсходу.

16 студзеня Нацсход (парламент) Францыі разгледзеў вотум недаверу ўраду Франсуа Байру. Ініцыятаркай выступіла радыкальна левая партыя «Непакорная Францыя» (LFI), да якой пазней далучыліся Зялёныя і камуністы. Тым не менш заручыцца падтрымкай іншых палітычных сілаў у іх не атрымалася – для вотуму недаверу патрабавалася падтрымка не менш як 288 з 577 дэпутатаў Нацсходу, а «за» прагаласавалі толькі 131.

У імкненні зрынуць Байру «Непакорную Францыю» не падтрымаў найбуйнейшы партнёр у левым альянсе – Сацыялістычная партыя (PS). Каманда Байру цягам некалькіх тыдняў вяла перамовы з іх прадстаўнікамі, каб пераадолець пагрозу развалу. PS запатрабавала ў абмен на сваю падтрымку перагледзець ажыццёўленую прэзідэнтам Макронам пенсійную рэформу.

Такім чынам сфармаванаму толькі месяц таму кабміну Байру ўдалося ўнікнуць долі свайго папярэдніка Мішэля Барнье, камандзе якога парламент адмовіў у даверы 4 снежня.

Кабмін Байру таксама не мае парламенцкай большасці, і таму распрацаваў больш мяккія захады барацьбы з бюджэтным дэфіцытам. Сярод іншага, міністр фінансаў Эрык Ламбард прапанаваў скараціць бюджэтныя выдаткі на € 10 млрд менш, чым кабінет Барнье. Выступаючы перад Нацыянальным сходам 14 студзеня, Байру таксама анансаваў аднаўленне кансультацый у пенсійнай рэформе ў партнёрстве з сацыялістамі. Пры гэтым адзначыў – калі партнёры не прыйдуць да пагаднення, то будзе ўжывацца цяперашняя рэформа.

Перад паседжаннем 16 студзеня, на якім разглядаўся вотум недаверу ўраду, Байру накіраваў ліст PS, у якім прапанаваў яшчэ шэраг саступак сацыялістам у рамках абмеркаванняў бюджэту.

Пры гэтым, як паказала свежае апытанне інстытута Ipsos, Байру падтрымліваюць толькі 20% французаў – як адзначаюць аўтары даследавання, у яго самы нізкі рэйтынг з усіх шасці прэм'ераў, якіх прызначаў Макрон пачынаючы з 2017 года. Паводле даследавання агенцтва Odoxa-Backbone, 86% французаў перакананыя ў тым, што Макрону давядзецца прызначыць новага прэм'ер-міністра ў 2025 годзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках