У Беларусі засталося менш за 500 рымска-каталіцкіх парафій
2- 16.01.2025, 21:42
- 2,386
Перарэгістрацыю праходзяць не ўсе.
Свежая статыстыка колькасці рэлігійных арганізацый Беларусі яшчэ не апублікаваная, але паводле прамежкавых звестак відаць, што за мінулы год колькасць рымска-каталіцкіх парафій у краіне скарацілася. Шмат якія супольнасці Рымска-каталіцкай царквы былі ліквідаваныя летась, і гэты працэс прадаўжаецца, піша Katolik.life.
Калі паводле звестак на 1 студзеня 2024 года, апублікаваных на рэсурсе Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у Беларусі налічвалася роўна 500 рымска-каталіцкіх парафій, то звесткі за сярэдзіну мінулага года сведчаць, што цяпер іх стала менш.
Такую статыстыку выданне знайшло, напрыклад, на сайце Віцебскага аблвыканкама. Паводле звестак на 1 ліпеня 2024 года, у рэгіёне налічвалася 85 супольнасцяў рымска-каталікоў. На пачатак года іх было 94.
У Менскай вобласці, паводле інфармацыі, абноўленай у верасні, дзейнічае 97 рымска-каталіцкіх парафій. На пачатак 2024 года іх налічвалася 98.
Паводле звестак Гомельскага аблвыканкама, у рэгіёне 20 супольнасцяў рымска-каталікоў, а ў пачатку года была 21 супольнасць.
Пра іншыя рэгіёны адкрытых звестак для параўнання няма ці яны састарэлі.
Як вядома, у 2024 годзе ў Беларусі пачалася перарэгістрацыя рэлігійных арганізацыяў. Гэта стварыла праблемы для невялікіх парафій. Напрыклад, настаяцель царквы ў Бабруйску тлумачыў:
«Для рэгістрацыі парафіі патрэбныя 20 “заснавальнікаў” з вернікаў, якія будуць ухваленыя ўладамі. А гэта не так проста. Напрыклад, пенсіянераў падаваць як заснавальнікаў можа быць вельмі нязручна – калі потым хтосьці з іх пераселіцца ў іншы горад ці ў лепшы свет, трэба будзе зноў збіраць сход, выбіраць новага чалавека на замену і зноў падаваць дакументы ў выканкам. Таму лепей знайсці маладых, сярэдняга веку. Шукаем».
Тыя суполкі, якія зразумелі, што не змогуць выканаць новыя патрабаванні, падалі заявы на ліквідацыю арганізацыі. І гэты працэс яшчэ прадаўжаецца – дакументы для перарэгістрацыі парафіі павінны быць пададзеныя не пазней за 5 ліпеня 2025 года.
Пры гэтым вышэйназванае тычыцца не толькі каталікоў. Колькасць зарэгістраваных праваслаўных суполак у рэгіёнах таксама скарацілася.
Прынамсі на дзве парафіі БПЦ стала менш у Менскай вобласці (зноў жа, паводле звестак за верасень 2024 года), адразу на 20 супольнасцяў – у Віцебскай вобласці (паводле звестак за ліпень). У цэлым у Беларусі налічвалася 1737 прыходаў БПЦ паводле звестак на пачатак 2024 года.