У Гамбургу больш за 16 000 чалавек выйшлі на мітынг супраць прыхільніцы Расеі
19- 17.01.2025, 11:14
- 9,520
Палітык з'яўляецца кандыдатам у канцлеры ФРГ ад правапапулісцкай АдГ.
Больш за 16 тысяч чалавек выйшлі на мітынг у Гамбургу супраць візіту Аліс Вайдэль (Alice Weidel) - кандыдата ў канцлеры ФРГ ад правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі». Пра гэта ў чацвер, 16 студзеня, паведамляе «Нямецкая хваля».
Дэманстранты сабраліся ля галоўнага вакзала Гамбурга, адкуль прайшлі маршам па вуліцах горада. Як паведамілі ў паліцыі, агулам акцыя прайшла мірна. Паводле інфармацыі агенцтва dpa, на мітынг выйшлі як маладыя, так і паджылыя людзі, а таксама сем'і з дзецьмі.
Увечары ў чацвер Вайдэль выступіла ў Вялікай зале Гамбургскай ратушы, дзе засядае зямельны парламент. Там у фракцыі АдГ толькі сем са 123 месцаў. Сябры фракцыі арганізавалі ў ратушы мерапрыемства і запрасілі Вайдэль. Яна выступала пры поўнай зале, яе слухалі больш за 100 чалавек.
Паліцыя ўзяла пад ахову тэрыторыю вакол ратушы. Усяго было задзейнічана амаль 1500 супрацоўнікаў паліцыі. Некалькі чалавек спрабавалі прарвацца за паліцэйскую агароджу вакол будынка парламента, паведамляе dpa.
Крытыка з боку ўладаў Гамбурга
Больш за ўсё месцаў у парламенце Гамбурга - у СДПГ (53) і «Зялёных» (32). У горадзе, які мае статус федэральнай зямлі, кіруе чырвона-зялёная кааліцыя. Супраць выступу Вайдэль выказаўся першы бургамістр Гамбурга сацыял-дэмакрат Петэр Чэнчэр (Peter Tschentscher). З яго слоў, «часам і ў ратушы бываюць няпрошаныя госці».
Яшчэ больш крытычна аб мерапрыемстве адазваўся кіраўнік гамбургскага аддзялення СДПГ, дэпутат зямельнага парламента Дэніс Тэрынг (Dennis Thering): «Сумна, што сёння ў нашым цудоўным вольным і ганзейскім горадзе Гамбургу выступае і распаўсюджвае сваю нянавісць прыхільніца Расеі. Тое, што фракцыя АдГ праводзіць гэтую перадвыбарную акцыю ў ратушы, - ганьба. Тыя, хто сее нянавісць і падбухторванне, не павінны дзівіцца абвешчанаму пратэсту. Я далучаюся да таго, што Аліс Вайдэль не рады ў Гамбургу! Не АдГ».