«Калі я патрапіў на стадыён, пабываў у музеі, то ў мяне па целе пайшлі мурашкі»
7- 17.01.2025, 12:20
- 4,954
Беларускі футбаліст, які перайшоў у «Порту», распавёў, што яго здзівіла ў Партугаліі.
15 студзеня было афіцыйна абвешчана аб пераходзе нападніка Трафіма Мельнічэнкі з менскага «Дынама» ў «Порту». Мяркуецца, што на першым этапе 18-гадовы Мельнічэнка будзе выступаць за другую каманду знакамітага клуба.
Футбаліст у інтэрв'ю Betnews падзяліўся першымі ўражаннямі аб жыцці ў Партугаліі.
«Пакуль мяне здзіўляе мясцовая кухня. Здзіўляе з прыемнага боку. Кідаецца ў вочы, што ў рэстарацыях людзі сядзяць сем'ямі. У нас такое калі і сустрэнеш, то нячаста. І то нярэдка людзі здаюцца заціснутымі. У Партугаліі калі сядзяць дзядуля з бабуляй, то яны не будуць саромецца пацалавацца. І сакрэт такой разняволенасці зразумелы: у Партугаліі ўмеюць атрымліваць асалоду ад жыцця», - сказаў Мельнічэнка.
Найбліжэйшая мэта беларуса, з яго слоў, - вывучыць ангельскую і партугальскую мовы.
«Калі я патрапіў на стадыён [«Порту»], пабываў у музеі, то ў мяне па целе пайшлі мурашкі. Асабліва пасля наведвання клубнага музея. У той момант я зразумеў, куды патрапіў. Ды і прыемна знаходзіцца ў структуры клуба, які перамог у Лізе чэмпіёнаў (гэта было ў 1987 і 2004 гадах. - Заўв. рэд.). Таксама мне было вельмі прыемна, калі заўзятары „Порту“ віншавалі мяне з пераходам у новы клуб», – адзначыў Трафім.