17 студзеня 2025, Пятніца, 19:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сацінтэрн узнагародзіў Мікалая Статкевіча прэміяй імя Хасэ Франсіска Пенья Гомеса

7
Сацінтэрн узнагародзіў Мікалая Статкевіча прэміяй імя Хасэ Франсіска Пенья Гомеса
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Лідар беларускай апазіцыі знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі амаль два гады.

Сацыялістычны Інтэрнацыянал (СІ) апублікаваў дэкларацыю, у якой заяўляе, заяўляе аб поўнай салідарнасці з беларускім народам, які пакутуе ад дыктатарскага рэжыму.

Пра гэта паведамляе прэс-служба «Народнай Грамады» са спасылкай на тэкст дэкларацыі Сацінтэрна:

«Мы цалкам падтрымліваем барацьбу народа Беларусі за свабоду і дэмакратыю ў вельмі складаных варунках. Адзначаем, што сітуацыя ў краіне значна абвастрылася пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка падтрымаў расейскае ўварванне ва Украіну і выкарыстанне беларускай тэрыторыі ў гэтых мэтах: узмацніўся ўзровень і жорсткасць рэпрэсій, улады выкарыстоўваюць незаконныя метады барацьбы са сваімі палітычнымі апанентамі. Уведзеная практыка «завочных» судоў, масавай канфіскацыі маёмасці і пазбаўлення грамадзянства апанентаў, якія пакінулі краіну. СІ выказвае салідарнасць і падтрымку партыі «Народная Грамада», паўнавартаснага сябра СІ, якая, нягледзячы на працяглы пераслед сваіх сябраў, працягвае змагацца за аднаўленне дэмакратыі ў Беларусі.

Мы вельмі занепакоеныя адсутнасцю навін пра лідара партыі “Народная Грамада” Мікалая Статкевіча, які з 09.02.2023 знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі амаль два гады – 680 дзён. Ёсць асцярогі, што яго можа ўжо не быць у жывых.

Патрабуем неадкладна забяспечыць Мікалаю Статкевічу сувязь з роднымі і адвакатам. СІ патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мікалая Статкевіча, генеральнага сакратара партыі Сяргея Спарыша, сябраў «Народнай Грамады» і ўсіх беларускіх палітвязняў. Мы патрабуем павагі правоў чалавека і вяршэнства закону, а таксама свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі без усялякіх умоваў.

Перамовы з рэжымам абсалютна бессэнсоўныя, калі яны не прывядуць да неадкладнага вызвалення палітвязняў і рэальных крокаў па перадачы ўлады свабодна абраным прадстаўнікам народа і аднаўленню дэмакратыі. Улічваючы ўсё гэта, Сацыялістычны Інтэрнацыянал уручае прэмію імя Хасэ Франсіска Пенья Гомеса лідару партыі «Народная Грамада» Мікалаю Статкевічу», - гаворыцца ў дэкларацыі.

Партыя «Народная Грамада» шчыра дзякуе ўкраінскай дэлегацыі, прынамсі, Алене Скамарошчанцы, за прадстаўленне інтарэсаў беларускага боку.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках