Беларусь падвысіла тарыфы на перапампоўванне нафты да мяжы Украіны
2- 17.01.2025, 15:27
- 3,778
Новыя цэны будуць выкарыстоўваць з 1 лютага.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўстанавіла новыя тарыфы на прапампоўванне нафты па трубаправодзе "Дружба" да мяжы Украіны. Пастанова ведамства апублікаваная на Нацыянальным прававым партале.
Кошт перапампоўвання ў кірунку Унеча (Высокае) — мяжа Беларусі і Украіны вырас з 215,78 да 239,52 расейскага рубля за тону без падатку на дададзеную вартасць.
Тарыф супадае з коштам перапампоўвання па паўднёвай галінцы Унеча - Броды. Па ёй расейская нафта паступае праз Беларусь і Украіну ў Вугоршчыну, Славакію і Чэхію.
Цана за перапампоўванне па паўночным кірунку Унеча — Адамава вырас з 629,26 да 698,48 расейскага рубля за тону. Па гэтым маршруце нафту праз Беларусь традыцыйна пампавалі ў Нямеччыну.
Новыя цэны будуць выкарыстоўваць з 1 лютага. Апошні раз тарыфы на перапампоўванне на гэтым адцінку мянялі ў жніўні 2024-га.
Дакумент устанаўлівае таксама мясцовыя тарыфы ў беларускіх рублях. Напрыклад, кошт перапампоўвання тоны нафты на адцінку Полацк - Наваполацк захавалі на ўзроўні трох капеек, а на адцінку Рэчыца - Адамава Застава падвысілі з 14,68 да 16,29 рубля. Мінулы раз гэтыя тарыфы ўстанаўлівалі ў студзені 2024-га.
З 1 студзеня выраслі таксама тарыфы на паслугі транспартавання нафтапрадуктаў па трубаправодзе ААТ "Гомельтранснафта "Дружба"" на тэрыторыі Беларусі. Размова ідзе аб кірунках Полацк — Крулеўшчызна і Полацк — Фаніпаль.