Амаль 80% расейскіх чыноўнікаў і дэпутатаў, якія заявілі пра сыход на вайну, адседзеліся ў тыле і вярнуліся дадому
9- 17.01.2025, 20:00
- 7,456
Некаторыя паспявалі ездзіць на адпачынак у Турцыю.
З пачатку вайны ва Украіне 108 расейскіх чыноўнікаў і дэпутатаў федэральнага і рэгіянальнага узроўняў заявілі пра гатоўнасць накіравацца на фронт, але пераважная большасць з іх перасядзелі ў «vip-частках» і шчасна вярнуліся дадому. Некаторыя заканадаўцы паспявалі ездзіць на адпачынак у Турцыю і станавіліся суаўтарамі дзясяткаў законапраектаў. Пра гэта піша «Новая газета. Еўропа»».
Паводле падлікаў выдання, толькі 18 дзяржслужбоўцаў, якія заявілі пра гатоўнасць пайсці на вайну, сапраўды выправіліся на фронт. У асноўным гэта тыя, хто хацеў унікнуць крымінальнага пераследу (часцей за ўсё – за махлярства і крадзяжы). Яшчэ 62 чалавекі, якія трапілі на службу, атрымалі льготныя ўмовы. Палова чыноўнікаў-франтавікоў правяла на службе не больш за паўгода. 20 прадстаўнікоў расейскай дзяржавы проста нічога не зрабілі пасля таго, як абвясцілі пра намер пайсці на вайну.
Большасць заяваў ад чыноўнікаў і дэпутатаў паступіла ў 2022 годзе – 31. Летась такіх выпадкаў было 23. У 2023-м было амаль у два разы менш ахвотных, піша «Новая». Найбольш высокапастаўлены «добраахвотнік» – гэта сенатар Віктар Бондараў, які мае званне генерал-палкоўніка. Ці прынялі яго зноў на службу, невядома, бо звестак пра гэта нідзе не публікаваліся.
Дэпутат Дзмітрый Саблін, які прадстаўляе ў Дзярждуме «Адзіную Расею», афіцыйна знаходзіцца на вайне з сакавіка 2022 года. Будучы заснавальнікам і камандзірам падраздзялення «ГРОМ-Каскад» ён, як высветлілі журналісты, за гэты час выступіў суаўтарам больш як 40 законапраектаў. Таксама Сабліна шмат разоў бачылі на адпачынку ў краіне NATO – Турцыі. Усяго пра гатоўнасць выправіцца на вайну заявілі 18 дэпутатаў Думы.
У 2024 годзе з Белгародскай вобласці на вайну скіраваліся шэсць чыноўнікаў і адзін дэпутат. Яны ўступілі ў добраахвотніцкі атрад «БАРС-Белгарад», але так і не трапілі ў зону баёў, застаўшыся ў сваім рэгіёне. Усяго такі варыянт выбралі 49 дзяржслужбоўцаў, якія заявілі пра намер пайсці на вайну. Месца службы яшчэ 10 чалавек вызначыць не атрымалася. Адзначаецца, што ўсяго 11 чыноўнікаў і дэпутатаў прыбылі ў рэгулярныя воінскія часці.
Выданне ўдакладняе, што ва УС РФ на агульных падставах трапілі ўсяго восем прадстаўнікоў дзяржавы – трое з іх загінулі, а яшчэ два чалавекі атрымалі раненні.
31 дзяржслужбовец усё яшчэ прадаўжае служыць, пры гэтым дзевяць чалавек выправіліся на службу менш за шэсць месяцаў таму, таму нельга дакладна сказаць, ці застануцца яны там надоўга, піша «Новая».