Макрон прыбыў у Ліван
- 17.01.2025, 20:13
- 1,270
Прэзідэнт Францыі сустрэнецца з новымі прэзідэнтам і прэм'ер-міністрам краіны.
17 студзеня прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прыбыў з візітам у Ліван, больш чым праз чатыры гады пасля свайго апошняга візіту ў краіну.
Як паведамляе AP, чакаецца, што Макрон сустрэнецца з новым прэзідэнтам Жазэфам Аунам і прызначаным на гэтым тыдні прэм'ер-міністрам Навафам Саламам.
«Гэта пасланне падзякі», – сказаў Макрон журналістам, якія чакалі яго ў аэрапорце Бейрута. Яго сустракаў выканаўца абавязкаў прэм'ер-міністра Наджыб Мікаці.
Чакаецца, што пазней сёння Макрон прыбудзе на поўдзень Лівана, недалёка ад мяжы з Ізраілем, дзе сустрэнецца з французскімі салдатамі, дыслакаванымі ў гэтым раёне ў складзе сілаў UNIFIL, пішуць «Дэталі».
Калі Мікаці спыталі, ці гарантуе Францыя вывад Ізраілем усіх сваіх войскаў цягам 60 дзён пасля спынення агню, ён адказаў, што гэтае пытанне не абмяркоўвалася з Макронам, але французы сочаць за сітуацыяй супольна з ЗША.
Апошні візіт Макрона ў краіну адбыўся ў жніўні 2020 года пасля выбуху ў порце Бейрута, у выніку якога загінулі больш за 200 чалавек і сотні атрымалі раненні.
У апошнія гады французскі прэзідэнт уважаўся за жорсткага крытыка ліванскіх уладаў, ён часта абвінавачваў іх у карупцыі і неэфектыўным кіраванні краінай, якія прывялі да эканамічнага краху.
«Прэзідэнт Макрон паабяцаў, што Францыя прадоўжыць падтрымліваць новы ўрад», – заявіў Мікаці пасля сустрэчы паміж імі ў аэрапорце.
Чакаецца, што Макрон таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі французскіх і амерыканскіх вайскоўцаў, якія ўваходзяць у групу, што назірае за выкананнем пагаднення аб спыненні агню.
У кастрычніку Францыя правяла міжнародную канферэнцыю, накіраваную на дапамогу Лівану ў выхадзе з эканамічнага крызісу і аднаўленні пасля стратаў, нанесеных вайной з Ізраілем. На канферэнцыі быў сабраны 1 млрд даляраў на гуманітарную і ваенную дапамогу краіне.
На мінулым тыдні ліванскаму парламенту ўдалося ўхваліць прызначэнне камандзіра ліванскага войска Ауна прэзідэнтам краіны пасля амаль двух гадоў, цягам якіх Ліван не мог прызначыць новага прэзідэнта. Мяркуецца, што Аун карыстаецца падтрымкай заходніх дзяржаваў, а таксама Саудаўскай Аравіі і іншых арабскіх краінаў.
13 студзеня парламент ухваліў прызначэнне Навафа Салама, старшыні Міжнароднага суда ў Гаазе, прэм'ер-міністрам. Сябры парламента ад «Хезбалы» выступілі супраць ягонага прызначэння, заявіўшы, што Салам з'яўляецца хаўруснікам Злучаных Штатаў. Пасля свайго абрання Салам заявіў, што не верыць у байкоты і гатовы да супрацоўніцтва.