18 студзеня 2025, Субота, 1:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспарт расейскага вугалю ўпаў да шасцігадовага мінімуму

4
Экспарт расейскага вугалю ўпаў да шасцігадовага мінімуму

Праз санкцыі і праблемы РЧ.

Расейскія вугальныя кампаніі трэці год запар зноў сутыкнуліся са скарачэннем экспарту, паведамляюць «Ведамасці» са спасылкай на статыстыку Argus. Паводле вынікаў мінулага года вугальнікам удалося прадаць на знешнія рынкі 195 млн тонаў прадукцыі – на 17,5 млн тонаў менш, чым год таму, і на 26,2 тонаў менш за паказнік 2022 года.

У параўнанні з даваенным 2021 годам (223,4 млн тонаў) вугальны экспарт з Расеі ўпаў на 13%, а яго цяперашнія аб'ёмы сталі самымі нізкімі за апошнія 6 гадоў. Так, у 2020 годзе на экспарт было вывезена 211 млн тонаў вугалю, у 2019-м – 199 млн тонаў, у 2018-м – 193 млн тонаў.

На дынаміку экспартных паставак прадаўжаюць негатыўна ўплываць санкцыі, падкрэсліваюць аналітыкі Argus: у адрозненне ад нафты і газу, якія Еўропа прадаўжае набываць, хай і ў невялікіх аб'ёмах, вугаль патрапіў пад татальнае эмбарга, а найбуйнейшыя вугальныя кампаніі – СВЭК і «Мечэл» былі ўнесеныя ў санкцыйныя спісы ЗША.

Як адзначаюць у Argus, сітуацыю пагоршылі праблемы на чыгунках, якія былі не гатовыя да «развароту эканомікі на Усход». Нястача лакаматываў і машыністаў пры павелічэнні грузаплыні паставілі РЧ на мяжу транспартнага калапсу: сярэдняя хуткасць руху на сетцы ўпала ніжэй за 35 км/г і стала мінімальнай з 1991 года.

Праз заторы на чыгунках некалькі вугальных кампаній не змаглі ажыццявіць пастаўкі на экспарт у адпаведнасці з планам, расказвалі Bloomberg топ-мэнэджары.

Экспартныя кошты вугалю пры гэтым упалі да 7-гадовых мінімумаў. І як вынік больш за палову вугальных кампаній у Расеі сталі стратнымі, а ўся галіна закончыла год з адмоўным фінансавым вынікам: сальдаваная страта склала 81 млрд рублёў (паводле звестак Расстата на студзень – кастрычнік).

Адрэзаныя санкцыямі ад знешніх рынкаў вугальнікі пачалі «рэзаць» здабычу. У галоўным вугальным рэгіёне – Кемераўскай вобласці – паводле вынікаў мінулага года яна скарацілася на 15,8 млн тонаў, да 198,4 млн. Экспарт вугалю Кузбаса асеў на 10%, да 102 млн тонаў.

Попыт на вугаль падае ў сусветным маштабе, паколькі ўсё больш краінаў адмаўляюцца ад яго праз «зялёны парадак дня», і ў 2025 годзе гэтая тэндэнцыя прадоўжыцца, адзначае аналітык Freedom Finance Уладзімір Чарноў.

Нават калі РЧ развяжа праблемы на БАМе і Транссібе, гэта не зробіць расейскі вугаль больш рэнтабельным, а экспарт прадоўжыць скарачацца – на 3-5% сёлета, прагназуе Чарноў. Галоўны стратэг ІЧ «Вектар капітал» Максім Худалаў чакае яшчэ больш глыбокай прасадкі ў экспарце – на 5–8%, або 10–15 млн тонаў. У гэтым выпадку экспарт вугалю з РФ апусціцца да мінімуму з 2016 года: тады на экспарт вывезлі 163 млн тонаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках