18 студзеня 2025, Субота, 2:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва Украіне загінула беларуская добраахвотніца і гераіня пратэстаў 2020-га года Марыя Зайцава

53
Ва Украіне загінула беларуская добраахвотніца і гераіня пратэстаў 2020-га года Марыя Зайцава
МАРЫЯ ЗАЙЦАВА

Падчас пратэстаў у 2020 годзе яна была параненая светлашумавой гранатай.

Ва Украіне загінула добраахвотніца з Беларусі Марыя Зайцава.

Многія памятаюць беларуску з фота, зробленага 9 жніўня ў Менску каля Стэлы. Тады дзяўчына была параненая светлашумавой гранатай, а ў целе было некалькі раненняў ад гумавых куляў. Марыі зрабілі некалькі аперацый у Беларусі, а потым вывезлі на лекаванне ў Чэхію.

Пасля пачатку вайны дзяўчына далучылася да абаронцаў Украіны.

Дзяўчына загінула ў баях пад Бахмутам, дзе ваявала ў складзе 2-га Інтэрнацыянальнага легіёну.

Толькі ўчора ёй споўнілася 24 гады.

Марыя родам з Гомеля, у жніўні 2020 года разам з сябрам прыехала ў Менск спецыяльна для ўдзелу ў пратэстах супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

«Нас закідалі светлашумавымі гранатамі, я адразу страціла прытомнасць, мяне параніла ў галаву, я была кантужаная.

Мае сябры адцягнулі мяне ад дарогі, яны таксама былі параненыя, пасечаныя аскепкамі. Нейкім чынам у мяне яшчэ ў сцягне апынуліся тры гумавыя кулі. Мусіць, гэта адбылося ўжо тады, калі я страціла прытомнасць. Відаць, я выглядала вельмі небяспечнай на зямлі.

Ачулася я ў рэанімацыі», – расказвала яна сама пра тое, што тады адбылося, у адным з інтэрв'ю.

Пасля гэтага Марыя паўтара месяца ляжала ў шпіталі ў Беларусі, а пасля паехала на лекаванне ў Чэхію. Ёй зрабілі некалькі аперацый, але праблемы ўсё роўна захаваліся. Пасля перажытага ў яе ў мозгу, як яна сама расказвала, заставалася гематома. Акрамя таго, яна аглухла на адно вуха.

«Зразумела, што мяне гэта змяніла вельмі моцна. Мяне да гэтага часу крыху жарэ ПТСР (посттраўматычныя разлады). Я не магу сваё жыцьцё больш не звязваць з Беларуссю.

Калі не з Беларуссю, то я не ведаю, з чым яшчэ. Бо я аддала здароўе за гэта. І я праўда верыла ў нашу ідэю, і я вельмі хачу, каб у маёй краіны ўсё атрымалася. Я хачу гэта ўбачыць і вярнуцца туды», – казала Марыя.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках