У Берасцейскай вобласці выратавалі бусла, вымушанага застацца зімаваць у Беларусі
3- 17.01.2025, 21:39
- 2,266
Відэа.
Малады бусел, пакінуты бацькамі, быў выратаваны ў Івацэвічах. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «#1 регион» прэс-службы Берасцейскага аблвыканкама.
Чырванадзюбую птушку, якая не паляцела ў гарачыя краіны, а засталася зімаваць у Івацэвічах, жыхары заўважылі ў пачатку студзеня. Бусел, імкнучыся бліжэй да цяпла, і спрабуючы выратавацца ад снегу і ветру, некалькі дзён хаваўся пад гаўбцом жылога дома амаль у самым цэнтры горада – на вуліцы 70 гадоў Кастрычніка.
Гараджане, турбуючыся пра птушку, якая можа загінуць у маразы, паведамілі пра яе ў адпаведныя службы. Супрацоўнікі МНС адлавілі бусла, пасля чаго перадалі яго спецыялістам Івацэвіцкай раённай ветэрынарнай станцыі і службы аховы прыроды для дапамогі.
Бачных і нейкіх моцных траўмаў ветэрынары ў бусла не знайшлі. Спецыялісты мяркуюць, што выратаваная птушка – вельмі маладая. Будучы апошнім у гняздзе, і стаўшы познім злёткам, бусел проста не набраў сілаў для доўгага пералёту і ягоныя бацькі былі вымушаныя пакінуць яго зімаваць у Беларусі.
Злоўленага і падлечанага бусла адвезлі ў заказнік «Выганашчанскі», дзе ён цяпер зможа спакойна дачакацца вясны.