СБУ прыйшла з ператрусамі да прарасейскага прапагандыста
4- 18.01.2025, 13:05
- 7,020
Ён быў вядоўцам на каналах Медзведчука.
Раніцай 18 студзеня СБУ правяла ператрусы ў Макса Назарава. Гэта вядомы экс-вядоўца, які працаваў на каналах алігархаў Віктара Медзведчука і Яўгена Мураев.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на крыніцы ў СБУ.
«СБУ правяла ператрусы ў Макса Назарава (сапраўднае імя – Назар Дыярдзіца). Гэта вядомы экс-вядоўца, які працаваў на каналах Медзведчука і Мураева», – расказалі крыніцы.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ён прадоўжыў запрашаць на свае эфіры ў YouTube пракрамлёўскіх экспертаў і апраўдваць расейскую агрэсію.
Сярод іншага, паводле звестак СБУ, падчас інтэрв'ю і сам аўтар, і госці студыі неаднаразова спрабавалі апраўдаць ваенныя злачынствы акупантаў, напрыклад ракетныя ўдары па цывільнай інфраструктуры Украіны.
«Частым госцем фігуранта быў яшчэ адзін пракрамлёўскі блогер, які ў лютым 2024 года ўжо атрымаў падазрэнне ад следчых СБУ. Тады суд абраў для яго захад стрымання – хатні арышт, але пасля блогер прадоўжыў падрыўную дзейнасць у інтарэсах Масквы», – кажуць у СБУ.
Абодва фігуранты публічна спрабавалі дыскрэдытаваць Украіну на міжнароднай арэне і расхіствалі грамадска-палітычную абстаноўку ўнутры краіны. Ініцыяваная СБУ судова-лінгвістычная экспертыза пацвердзіла факты ўчынення злачынстваў з боку абодвух блогераў.
Развязваецца пытанне пра абранне фігурантам захаду стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Ім пагражае да 8 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.