У Беларусі вызначылі памер «падатку» на атрыманне пенсіі
4- 18.01.2025, 13:12
- 4,352
Уведзеныя тарыфы для тых, хто хоча атрымліваць пенсію на пошце ці дома.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі вызначыла тарыфы, згодна з якімі некаторых пенсіянераў абавяжуць заплаціць за атрыманне пенсій на пошце або пры дастаўцы дадому. Гаворка ідзе пра тых, хто не хоча атрымліваць штомесячныя выплаты ў банку, і датычыцца толькі пэўных катэгорый насельніцтва, піша «Тэлеграф».
Для пачатку нагадаем, што з 1 ліпеня 2024 г. пенсіі ў нашай краіне пачалі выплачваць праз банкі. Такім чынам атрымліваць сацвыплаты павінны беларусы малодшыя за 70 гадоў, якія жывуць у Менску, гарадах абласнога падпарадкавання і раённых цэнтрах.
Аднак у кастрычніку летась міністарка працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка намякнула: у выпадку, калі яны не хочуць гэта рабіць праз банк, а хочуць атрымліваць пенсіі «па-старому» (на пошце або з дастаўкай дадому), такая магчымасць будзе, але ўжо на платнай аснове.
Тады міністарка агучыла прыкладныя сумы ў раёне 6-8 рублёў, аднак ужо ў студзені 2025 года Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю апублікавала пастанову з больш дакладнымі лічбамі. Згодна з пастановай МАРГ, пачынаючы з 18 студзеня 2025 года, плата за атрыманне пенсіі на пошце для вышэйназваных беларусаў будзе складаць 1,8 рубля, а з дастаўкай дадому – 8,5 рублёў.
Для каго зрабілі выключэнне?
Нагадаем, плаціць за дастаўку пенсій і дапамог па-ранейшаму не трэба тым, хто жыве ў сельскай мясцовасці, а таксама людзям старэйшым за 70 гадоў, інвалідам I і II групы. Сюды ж – сем'і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Гэтыя катэгорыі насельніцтва, як і раней, змогуць атрымліваць выплату на пошце ці з дастаўкай дадому абсалютна бясплатна.