Кэмеран Дыяс у новай камедыі змагаецца з беларускім гангстарам
5- 19.01.2025, 14:40
- 2,830
Паводле сюжэту наш суайчыннік спрабуе захапіць у свае рукі суперзброю.
У новай галівудскай камедыі «Зноў у справе» галоўныя героі, якіх гуляюць Кэмеран Дыяс і Джэймі Фокс, супрацьстаяць беларускаму гангстару, які спрабуе захапіць у свае рукі суперзброю. Пра гэта паведамляецца ў рэцэнзіях кінакрытыкаў, напрыклад, на сайце filmstarts.de.
Фільм рэжысёра Сэта Гордана выйшаў 17 студзеня 2025 года на сэрвісе Netflix. У ім зняліся таксама Глен Клоўз, Кайл Чэндлер, Эндру Скот, Джэймі Дэметрыу. У ролі нашага суайчынніка заняты польскі актор Роберт Бэста.
Паводле сцэнару, двое агентаў ЦРУ, выжыўшы ў авіякатастрофе, наважваюцца інсцэніраваць сваю смерць і пачаць жыць як «звычайныя» муж і жонка. Праз шмат гадоў іх таямніца выпадкова раскрываецца, і за парай, якая ўжо мае двух дзяцей, пачынаюць паляванне бандыты.
Справа ў тым, што Эмілі і Мэт у сваім апошнім заданні выкралі ў беларускага мафіёзі Бальтазара Гора і везлі ў тым самым самалёце нейкі «Ключ» - прыладу, якая дае вялікія магчымасці для кібертэрарызму. І Гор хоча вярнуць яго.
Камедыйны баявік рэкламуецца як «вяртанне Кэмеран Дыяс». Справа ў тым, што ў апошні раз акторка з'яўлялася на экранах 10 гадоў назад - у фільме-адаптацыі брадвейскага мюзікла «Эні», пасля чаго абвясціла, што не будзе здымацца ў кіно.