УСУ захапілі расейскі танк Т-62М
4- 19.01.2025, 19:35
- 3,834
Цяпер машына будзе ваяваць з акупантамі.
Вайскоўцы 118-й асобнай брыгады тэрытарыяльнай абароны Украіны захапілі расейскі танк Т-62М паблізу населенага пункта Верхнякаменнае Бахмуцкага раёна Данецкай вобласці.
Са слоў вайскоўца з пазыўным «Каспер», танк быў пакінуты расейскім экіпажам пасля няўдалых штурмавых дзеянняў. Падчас бою ў танк трапіў FPV-дрон, што, магчыма, выклікала хаос сярод экіпажа, і яны пастанавілі кінуць машыну.
Танк знаходзіўся ў шэрай зоне ў непасрэднай блізкасці ад расейскіх пазіцый, што зрабіла яго эвакуацыю вельмі складанай задачай. На падрыхтоўку аперацыі пайшло чатыры дні.
Байцы 118-й брыгады ТРА, не маючы ўласнага механіка для кіравання танкам, залучылі спецыяліста са складу 54-й асобнай механізаванай брыгады.
Цяпер машына мае патрэбу ў рамонце, але пасля аднаўлення танк, укамплектаваны боекамплектам, будзе выкарыстаны для барацьбы з расейскімі войскамі.