Як марскія дроны ГУР «адмінусавалі» расейскія гелікаптэры Мі-8
- 2.01.2025, 20:35
- 4,464
Для расейскай марской авіяцыі гэта вялікія страты.
Марскія дроны ГУР Magura V5 31 снежня знішчылі два расейскія гелікаптэры Мі-8 каля Крыма, яшчэ адзін борт быў падбіты, але змог прызямліцца. Палкоўнік запасу УСУ, пілот-інструктар Раман Світан расказаў у эфіры Radio NV, як выведка здолела «пакласці пад ялінку» ўкраінцам такі падарунак.
Світан пазначыў, што для расейскай марской авіяцыі гэта вялікія страты.
Гэта Magura V5 адпрацавала. Галоўная ўправа выведкі ўпіхнула неўпіханае [у марскі дрон], я б так сказаў. У авіяцыі, у лётчыкаў, папрасіла ракеты (вельмі добрая, дарэчы, старая савецкая ракета Р-73, ёй гадоў 40). <...> Ракету Р-73 [прыстасавалі], калі можна так сказаць, усталявалі на гідраплатформу, хутчэй за ўсё, на рэйкавую пускавую ўстаноўку П-72, ёсць такая, з яе можа таксама запускацца гэтая ракета, – растлумачыў Світан.
Паводле ягоных словаў, хутчэй за ўсё, ракета, якая падбіла гелікаптэры, была з цеплавой галоўкай саманавядзення, вельмі добра тэхнічна выкананая:
«Нават адна ракета мае баявую частку восем кілаграмаў, стрыжнёвая, яна, у прынцыпе, у фарш пакрышыла ўсё “насельніцтва” гэтых гелікаптэраў. Таму, можна сказаць, два экіпажы дакладна адмінусаваныя, гэта як мінімум».
Світан таксама дадаў, што ўкраінская вайсковая выведка даўно спрабавала перахапіць расейскія гелікаптэры:
«І вось гэтыя цяжкія, можна казаць, транспартнікі [Мі-8], якія расейцы адправілі, што называецца, як падарунак, пад знішчэнне… Яны не манеўраныя, лёгкая цэль, у прынцыпе, для любога самалёта, а для БЭКа – гэта, натуральна, таксама падарунак, якім скарысталася нашая выведка».
31 снежня ў выведцы паведамлялі, што ўпершыню ў гісторыі была разбітая паветраная цэль з дапамогай ударнага марскога дрона Magura V5. Спецаперацыя прайшла ў раёне мыса Тарханкут з ужываннем ракетаў Р-73 SeeDragon. Адзін гелікаптэр Мі-8, паводле паведамлення, быў збіты, яшчэ адзін – падбіты.