Беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне ўзнагародзілі ордэнамі і медалямі
3- 20.01.2025, 20:41
- 4,712
Узнагароды атрымалі дзесяць байцоў падраздзялення «Тур» штурмавога батальёна УСУ.
Дзесяць байцоў беларускага падраздзялення «Тур» штурмавога батальёна УСУ былі ўзнагароджаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі Украіны. Пра гэта паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал падраздзялення.
Беларусы былі адзначаныя ордэнамі «За мужнасць», медалямі «Залаты крыж» і «За службу і адвагу» за паспяхова праведзеныя аперацыі ў эвакуацыі бронятэхнікі з поля бою.
– Эвакуацыя тэхнікі з поля бою – адна з самых складаных задачаў на фронце. Пашкоджаная ці нерухомая браняваная тэхніка, няхай гэта будзе БМП ці танк, імгненна становіцца жаданай мэтай для ворага. У ворага ёсць усе шанцы вылічыць групу эвакуацыі і нанесці ўдар з дронаў ці артылерыі. Менавіта таму кожны выхад на эвакуацыю – гэта рызыка, якая патрабуе бездакорнага выканання.
Узнагароды, атрыманыя байцамі, гавораць самі за сябе. Гэта доказ эфектыўнасці працы падраздзялення, а таксама іх гатоўнасць дзейнічаць у самых складаных умовах, – гаворыцца ў паведамленні.