«Манчэстэр Сіці» падпісаў кантракт з футбалістам, які гуляў у чэмпіянаце Беларусі
6- 20.01.2025, 21:18
- 1,366
Прафесійную кар'еру ён пачаў у 2022 годзе ў складзе беларускага клуба «Энэргетык-БДУ».
Абаронца каманды Узбекістана Абдукадзір Хусанаў перайшоў з французскага «Ланса» ў «Манчэстэр Сіці». Пра гэта паведамляецца на сайце ангельскага клуба.
20-гадовы футбаліст падпісаў з «Манчэстэр Сіці» кантракт да лета 2029 года.
Хусанаў, які выступае на пазіцыі цэнтральнага абаронцы, стаў першым у гісторыі прадстаўніком Узбекістана ў Ангельскай прэм'ер-лізе (АПЛ).
Хусанаў з'яўляецца выхаванцам «Бунёдкора». Прафесійную кар'еру ён пачаў у 2022 годзе ў складзе беларускага клуба «Энэргетык-БДУ», а праз год перайшоў у «Ланс» за €100 тыс. (паводле звестак Transfermarkt).
Цяпер «Манчэстэр Сіці» заплаціў за Хусанава €40 млн.
У гэтым сезоне Хусанаў правёў 16 матчаў за «Ланс» ва ўсіх турнірах і вызначыўся адной галявой перадачай.
У складзе каманды Узбекістана Хусанаў правёў 18 матчаў.
«Манчэстэр Сіці», чэмпіён апошніх чатырох сезонаў, займае чацвёртае месца ў турнірнай табліцы АПЛ, набраўшы 38 балаў у 22 матчах.