Экс-кіраўнік МЗС Літвы Ландсбэргіс: ЕЗ павінен падтрымаць ультыматум Трампа Пуціну
- 23.01.2025, 11:54
- 3,254
Крэмль не чакаў такога развіцця падзей.
Экс-кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс мяркуе, што Еўразвязу трэба падтрымаць санкцыйны ўльтыматум Дональда Трампа Уладзіміру Пуціну.
Пра гэта ён напісаў у сацсетцы Х (Twitter), паведамляе «Еўрапейская праўда».
Ландсбэргіс адзначыў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паставіў Пуціна ў складаную сітуацыю, выставіўшы ўльтыматум.
«Я ўпэўнены, што Пуцін не чакаў такога развіцця падзей. Цяпер Пуцін павінен вызначыцца - прызнаць, што ён баіцца новых санкцый, бо яго эканоміка ў руінах, ці давесці, што яго імперыялістычныя амбіцыі не будуць абмежаваныя гэтымі патрабаваннямі», - падкрэсліў былы кіраўнік МЗС Літвы.
Ён падкрэсліў, што ўльтыматум з'яўляецца крокам у правільным кірунку, але трэба зрабіць больш: увесці не толькі санкцыі, але і надаць Украіне вайсковую падтрымку і гарантыі бяспекі.
«Мы павінны пакласці заходнюю моц на ўкраінскую чару шаляў. Дарэчы, калі ЕЗ хоча выглядаць аўтарытэтным, ён мог бы, прынамсі, абвясціць аб падтрымцы санкцый Трампа. І я веру, што цяпер нават Орбан будзе вымушаны пагадзіцца», - падкрэсліў Ландсбэргіс.
Кіраўнік урада Вугоршчыны Віктар Орбан, блізкі хаўруснік Дональда Трампа ў Еўропе, уважае за неабходнае, каб ЕЗ узгадняў сваю санкцыйную палітыку супраць Расеі з новай адміністрацыяй ЗША.
22 студзеня Дональд Трамп заявіў, што калі найбліжэйшым часам не будзе падпісанае «пагадненне» аб спыненні вайны ва Украіне, у яго не будзе іншага выбару, акрамя як «увесці высокія падаткі, тарыфы і санкцыі на ўсё, што Расея прадае Злучаным Штатам і іншым краінам, якіх гэта тычыцца».
У першы дзень свайго прэзідэнцтва Трамп заявіў, што Уладзімір Пуцін разбурае Расею, не заканчваючы вайну.
Пазней ён абвясціў, што гатовы разгледзець узмацненне санкцый супраць Расеі, калі тая не пагодзіцца на перамовы аб заканчэнні вайны ва Украіне.