23 студзеня 2025, Чацвер, 23:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперт: У Расеі пачаліся сур'ёзныя праблемы

Эксперт: У Расеі пачаліся сур'ёзныя праблемы

Пазіцыя Крамля зменіцца, калі Вашынгтон націсне.

Тое, што Дональд Трамп у прамове ў першы дзень сваёй кадэнцыі не згадаў проста Украіну і краіну-агрэсарку Расею, сведчыць аб тым, што ён пакуль не мае дакладнага плана або рамак па часе, пра якія мог бы гаварыць з упэўненасцю.

Аднак Трамп мае ўсе неабходныя інструменты ўплыву на Расею, і ён гэта цудоўна разумее. Такое меркаванне выказаў кіраўнік Цэнтра грамадскай аналітыкі «Вежа», кіраўнік Дабрачыннага фонду «Новая дарога» Валеры Клачок у інтэрв'ю «Главреду».

«Што да заканчэння вайны, важна адзначыць, што ў першы дзень кадэнцыі Трампа журналісты задалі яму наўпроставыя пытанні наконт Украіны, і яго адказы былі зразумелымі і дакладнымі. Той факт, што Трамп не згадаў Расею і Украіну ў сваёй прамове, сведчыць аб тым, што ён пакуль не мае дакладнага плана або часовых рамак, пра якія мог бы казаць з упэўненасцю», - сказаў Клачок.

З яго слоў, Трамп разумее, што публічная пазіцыя Пуціна быццам бы выглядае адназначнай па дасягненні максімалісцкіх мэт, але напраўду пазіцыя Расеі можа змяніцца, калі Трамп падключыцца да гэтага працэсу. Гэта, уласна, і тлумачыць, чаму Трамп пакуль не закранаў гэтую тэму публічна.

«Наконт поспехаў на Блізкім Усходзе Трамп кажа: «Так, ёсць». Але тут узнікае пытанне: поспех для каго? Для Палестыны і Трампа - магчыма, але дакладна не для Ізраіля, бо сітуацыя там вельмі непрымальная для апошняга. Такая гісторыя можа быць і ва Украіне. Аб Блізкім Усходзе Трамп можа казаць упэўнена. Ён разумее, што ў стаўленні да Панамы таксама мае рычагі ўплыву, напрыклад, каб вывесці адтуль кітайскіх інвестараў. І пра гэта ён будзе гаварыць з Сі Цзіньпінам. Але па Украіне Трамп пакідае для сябе часовы лаг», - сказаў кіраўнік Цэнтра грамадскай аналітыкі «Вежа».

Ён нагадаў, што ўжо афіцыйны кіраўнік Дзярждэпа ЗША Марка Рубіё заявіў, што каманда Трампа мае бачанне таго, як можа скончыцца вайна. Гэта прадугледжвае спыненне гарачай фазы канфлікту і пачатак перамоўнага працэсу, у рамках якога будуць дасягнутыя кампрамісы. На гэтыя кампрамісы, паводле іх канцэпцыі, павінны пайсці абодва бакі. Агульная ідэя ёсць, але трэба дакладна акрэсліць, як гэта будзе выглядаць «на зямлі».

«Я не выключаю, што тэлефонная размова паміж Трампам і Пуціным можа адбыцца найбліжэйшым часам, даслоўна сёння ці заўтра. Пуцін, дакладней нават не ён, а Сі Цзіньпін, ужо прадэманстраваў, што гатовы ўплываць на Расею. З ім трэба размаўляць, але званок Пуціну адназначна будзе. Далей будзе ісці падрыхтоўка да саміту, магчыма, нават у фармаце ЗША, Кітай, Еўрапейскі Звяз, Украіна, Расея», - сказаў Клачок.

Ён адзначыў, што аб часовых рамках правядзення такой сустрэчы можна будзе гаварыць больш канкрэтна толькі пасля першай афіцыйнай заявы, якая з'явіцца пасля тэлефоннай размовы. Але тое, што Трамп плануе патэлефанаваць Пуціну, ужо, мабыць, ні ў каго не выклікае сумневаў.

«Падштурхнуць Пуціна да перамоў будзе дастаткова лёгка. Як? Вельмі проста: «Калі ты не сядзеш за стол перамоў, я санкцыі не здыму». Нават нічога больш рабіць не трэба. Расейскі валютны прыбытак, які захрас за мяжой, складае амаль 30%. Гэтыя лічбы проста ўражваюць. У 2024 годзе Расея атрымала ўсяго 70 мільярдаў даляраў валютных паступленняў. Для эканомікі такога маштабу гэта неймаверна мала, гэта амаль нічога», - адзначыў Клачок.

Ён адзначыў, што Трамп мае ўсе неабходныя інструменты ўплыву на РФ, і ён гэта цудоўна разумее.

«Тут важна звесці разам некалькі ключавых элементаў: Кітай, Еўропу са слабымі санкцыямі, Расею, Украіну і, вядома, уласныя інтарэсы. Для Трампа гэта магчымасць патаргшавацца з Сі, і ўсе гэта разумеюць. Таму парадак дзеянняў будзе такі: спачатку тэлефонны званок Пуціну. Далей, несумненна, адбудзецца размова з Сі Цзіньпінам. Затым - размова з Зяленскім. І ўжо пасля гэтага мы можам выйсці на арганізацыю нейкага саміту. Прынамсі, я пакуль бачу гэта менавіта так», - падсумаваў Клачок.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках