Уладзімір Цыбулька: Няхай Лукашэнка не прыдумляе сабе адмазкі
8- 23.01.2025, 18:40
- 19,696
Беларускія прадпрыемствы - законная цэль УСУ.
На днях выйшла вялікае расследаванне аб тым, як беларускія прадпрыемствы працуюць на расейскі ВПК. Беларускія прадпрыемствы вырабляюць набоі для расейскіх РСЗА «Град». Замешаныя такія мірныя прадпрыемствы, як Беларускі аўтамабільны завод, Беларускі металургічны завод і Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання.
Ці заўважылі ва Украіне гэта расследаванне? Якая была рэакцыя? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітолагам Уладзімірам Цыбулькам:
- Па-першае, ва Украіне вельмі выразна сочаць за размяшчэннем расейскіх заказаў на беларускіх прадпрыемствах, нават актыўнасць перад пачаткам вайны адсочвалася. Так што нашыя аналітыкі працуюць, але мне здаецца, што ўкраінская ўлада не педалюе гэтае пытанне.
Мы ўсё разумеем, усё адсочваем, але спецыяльныя нейкія праграмы супраць Беларусі мы не выкарыстоўваем. Мы разумеем статус Лукашэнкі як расейскай марыянеткі, якая не мае самастойнасці. Ён служыць, хутчэй, такой галавой, якая размаўляе, а не сапраўдным кіраўніком Беларусі.
- Ці становяцца беларускія прадпрыемствы, якія працуюць на расейскі ВПК, законнай цэллю УСУ?
- Яны ўжо з'яўляюцца такой цэллю. Дарэчы, выявілася, што сам Лукашэнка прапаноўваў Зяленскаму ўдарыць, напрыклад, па нафтаперапрацоўчых заводах. Ён там у размове з Зяленскім усяляк аднекваўся ад свайго хаўрусніцтва з Пуціным, кляўся, што гэта не ён напаў на Украіну. Але хто ж яму паверыць?
Ва Украіне ўсё дакладна разумеюць: калі ёсць дзяржава, якая прапускае войскі трэцяга боку праз сваю тэрыторыю, то гэта аўтаматычны суўдзел у злачынстве. Таму няхай Лукашэнка не прыдумляе сабе адмазкі. Усе цудоўна разумеюць, што такая генеральная залежнасць ад адзінага буйнога рынку збыту зрабіла Беларусь, скажам так, машынабудаўнічым заводам Расеі, а не самастойнай дзяржавай.
- Гэтая інфармацыя з'яўляецца на фоне спробы Лукашэнкі дыстанцыявацца ад вайны, паспрабаваць выставіць сябе ахвярай абставінаў. Ці здолее Лукашэнка?
- Не, не здолее, бо першым маркерам, што ён суўдзельнік, з'яўляецца тэрор супраць уласнага народа. Ён забіў вялізную колькасць, мы памятаем, гэта пачалося з кіраўніка ЦВК (старшыня ЦВК Беларусі Віктар Ганчар бясследна знік у Менску 16 верасня 1999 года, — заўв. рэд.), і пайшло-паехала. Лукашэнка забіў такую колькасць сваіх суайчыннікаў, што ён не можа быць лідарам дзяржавы, як і не можа не быць марыянеткай Крамля.
- Калі казаць пра сітуацыю пасля вайны, ці ёсць шанцы ў Лукашэнкі зноў вярнуцца да стасункаў з украінскімі палітыкамі, ці Кіеў ужо ніколі не даруе беларускаму дыктатару?
- Не, Лукашэнку не прабачаць, і ўсёй яго кліцы, дарэчы таксама. Ён жа не адзін гэта ўсё пракручвае, у яго ёсць асяроддзе, у яго ёсць кіраўнік КДБ, у яго ёсць міністр абароны. Гэтая ўся кліка таксама вінаватая ў злачынствах. Я разумею, што ў Лукашэнкі быў давераны чалавек, па-мойму, ягонае прозвішча Варабей (бізнэс беларускага алігарха Мікалая Вараб'я быў цесна звязаны з прарасейскім палітыкам Віктарам Медзведчуком, — заўв. рэд), і ён сядзеў шчыльна на ўкраінскім рынку бітуму, але гэта ўсё элементы карупцыі.
Але карупцыя - гэта адно злачынства, а вось ваенныя злачынствы і суўдзел у іх - на гэта няма ніякіх абмежаванняў па часе. Гэта злачынства, якое ўсё адно павінна быць пакаранае. Нават калі нейкая ўкраінская ўлада паспрабуе неяк наладжваць стасункі з Лукашэнкам і ягонымі палітычнымі паслядоўнікамі, то я не думаю, што ўкраінцы ўспрымуць гэта.
Украінцы ўспрымаюць полк Каліноўскага, украінцы ўспрымаюць беларускую дэмакратычную апазіцыю, але не беларускі фашызм, як такі апендыкс расейскага фашызму.