Ад Ізраіля на «Еўравізію» паедзе ўнікальны выканаўца
- 23.01.2025, 15:30
- 4,690
Яе клічуць Юваль Рафаэль.
Ізраільцянка Юваль Рафаэль, якая выжыла пры нападзе джыхадыстаў на музычны фэст Nova 7 кастрычніка 2023 года, будзе рэпрэзентаваць сваю краіну на наступным конкурсе «Еўравізіі», паведамляе «Радыё Свабода».
На гэтым тыдні 24-гадовая выканаўца перамагла ў конкурсе талентаў «Узыходзячая зорка», што дало ёй права рэпрэзентаваць сваю краіну на «Еўравізіі 2025» у швэйцарскім горадзе Базэлі ў траўні гэтага года.
Як адзначае France-Presse, падчас адбору ў Ізраілі Рафаэль выканала ў форме балады песню швэдскага гурта ABBA Dancing Queen. Яна прысвяціла нумар, як яна сказала, «усім анёлам», забітым на фестывалі.
З якой песняй Рафаэль паедзе ў Базэль, стане вядома ў найбліжэйшыя тыдні.
Пры нападзенні баевікоў радыкальнай палестынскай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЕЗ, на поўдні Ізраіля ўвосень 2023 года былі забітыя 1200 чалавек, яшчэ больш за 250 - апынуліся ў закладніках. На фестывалі Nova ахвярамі радыкальных ісламістаў сталі больш за 370 чалавек, 44 - узятыя ў закладнікі.
Юваль Рафаэль у сваіх паказаннях Радзе ААН у правах чалавека ў красавіку 2024 года адзначала, што калі пачаўся ракетны абстрэл, які папярэднічаў нападу баевікоў, яна разам з групай іншых наведвальнікаў фэсту схавалася ў невялікім бамбасховішчы. Неўзабаве нападнікі адкрылі агонь і тамака. «Калі целы забітых падалі на нас, я зразумела, што хавацца пад імі - гэта адзіны спосаб перажыць гэты кашмар», - распавядала Рафаэль.