Навукоўцы знайшлі гіганцкія сляды невядомага дыназаўра
5- 23.01.2025, 17:13
- 2,438
Ён жыў у Манголіі.
Супольная экспедыцыя даследнікаў з Японіі і Манголіі знайшла ў заходняй частцы пустыні Гобі серыю скамянелых слядоў рэкордных памераў, піша «Хайтек».
Самы буйны адбітак дасягае 92 см у шырыню і належаў траваеднаму дыназаўру з сямейства гадразаўрыдаў. Паводле ацэнак даследнікаў, ягоны ўладальнік – верагодна, гіганцкі заўралоф – дасягаў больш як 15 м у даўжыню, што робіць яго адной з найбуйнейшай двухногіх жывёлаў у гісторыі Зямлі.
Экспедыцыя таксама выявіла на месцы раскопак 13 паслядоўных слядоў шырынёй 85 см, якія доўжыліся 24 м. Гэта знаходка дазволіць навукоўцам дэталёва вывучыць хаду і паводзіны гіганцкіх дыназаўраў.
«Знойдзеныя сляды даюць нам унікальную магчымасць прааналізаваць позу, стыль хады і групавыя паводзіны гэтых істотаў – інфармацыю, якую немагчыма атрымаць, вывучаючы толькі шкілеты», – адзначыў Шынабу Ішыгакі, дырэктар Музея даследаванняў дыназаўраў Універсітэта навукі Акаямы ў прэс-рэлізе.
Да гэтага часу найбуйнейшы вядомы навуцы шкілет гадразаўрыда належаў шантунгазаўру з Кітая. Новая знаходка дае надзею на выяўленне ў Манголіі шкілета яшчэ буйнейшага дыназаўра.