У Менску адбылася выцечка газападобнага азоту
4- 23.01.2025, 17:34
- 3,534
«Белнафтахім» расказаў, ці ёсць небяспека для людзей.
23 студзеня на магістральным трубаправодзе на адной са сталічных вуліцаў знайшлі пропуск газападобнага азоту. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў афіцыйным тэлеграм-канале канцэрна «Белнафтахім».
Паводле звестак «Белнафтахіма», інфармацыя паступіла ад прадпрыемства «Крыён», якое таксама знаходзіцца ў Менску і займаецца выпускам крыягенных прадуктаў. Выцечку выявілі на адрэзку магістральнага трубаправода ў раёне вуліцы Машынабудаўнікоў на скрыжаванні з Менскай кальцавой аўтадарогай.
Газападобны азот можа ўяўляць небяспеку для чалавека, але толькі ў вялікіх канцэнтрацыях і пры доўгім уздзеянні. У гэтым выпадку азот пачынае дзейнічаць у якасці задушлівага сродку, выклікаючы дыхавіцу, паколькі фактычна замяняе кісларод ва ўдыхальным паветры, што прыводзіць да гіпаксіі. У гэтым выпадку неўнікнёнае ўздзеянне на цэнтральную нервовую сістэму і таксічная параза арганізма.
У «Белнафтахіме» падкрэслілі, што гэтая выцечка газу не ўяўляе небяспекі для менчукоў. Сам газ не з'яўляецца выбухованебяспечным і не наносіць экалагічнай шкоды прыродзе.
Утрыманне азоту ў атмасферным паветры, паводле звестак прадпрыемства, адпавядае норме – 78%. У канцэрне адзначылі, што на працы прадпрыемстваў-спажыўцоў газападобнага азоту надзвычайнае здарэнне не адбілася, а спецыялісты цяпер працуюць над ліквідацыяй выцечкі.